Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, 9 лютага споўніцца 1,5 года мірнаму пратэсту супраць гвалту, беззаконьня і дзяржаўнага тэрору з боку нелегітымнага рэжыму.
«У той час як супраціў мільёнаў беларусаў працягваецца ў падпольлі ў розных творчых формах, на пярэднім краі барацьбы знаходзяцца незалежныя СМІ. Сьмелыя журналісты, блогеры і ўплывовыя мэдыяпэрсоны працягваюць працу ў краіне і на эміграцыі, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі і асабістую небясьпеку».
Яна нагадала, што «для стварэньня інфармацыйнага вакууму ў краіне» летась «рэжым атакаваў многія незалежныя СМІ, у тым ліку рэгіянальныя выданьні навін: Tut.by, „Нашу ніву“, „Белсат“, Tribuna.com, kyky.org, „Эўрарадыё“, „Радыё Свабода“, „Гродна Life“, Intex-Press і многія іншыя». Паводле інфармацыі Ціханоўскай, ад лета 2020 году заблякавана больш за 50 мэдыясайтаў, краіну пакінулі звыш 400 работнікаў СМІ, больш за 40 журналістаў, блогераў, рэдактараў знаходзяцца за кратамі.
«Нам трэба пакінуць Беларусь на парадку дня і праліць сьвятло на дзеяньні рэжыму. Дыктатар зрабіў усё, каб закрыць рот незалежным журналістам і ня даць сьвету ўбачыць, што адбываецца ў нашай краіне. Гэтага нельга дапусьціць», — сказала Ціханоўская.
Мерапрыемствы ў падтрымку беларускіх журналістаў пройдуць у розных краінах 9–13 лютага. Упершыню дзень салідарнасьці зь Беларусьсю прайшоў 7 лютага 2021 году. За кратамі ў Беларусі знаходзяцца 1006 палітвязьняў, яшчэ дзясяткі людзей прэтэндуюць на гэты статус.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».