Паводле слоў Пуціна, у адказе Маскве, у прыватнасьці, не былі ўлічаныя прапановы Расеі гарантаваць непашырэньне NATO на ўсход, адмовіцца ад разьмяшчэньня ўдарных узбраеньняў на мяжы з Расеяй і скараціць вайсковы патэнцыял і інфраструктуры да стану 1997 году, калі ў альянс яшчэ не ўваходзілі Польшча, Чэхія, Вугоршчына, Латвія, Літва, Эстонія, Румынія, Славаччына, Славенія, Харватыя, Чарнагорыя і Паўночная Македонія.
Пуцін сказаў, што Расея «ўважліва вывучыць» атрыманы Масквой адказ, пасьля чаго «вызначыцца са сваімі далейшымі дзеяньнямі».
Пераказ гэтай размовы — першы камэнтар з боку прэзыдэнта Расеі наконт адказу Маскве. Што сказаў Пуціну на гэта Макрон — у паведамленьні не гаворыцца.
- Расея вылучыла свае патрабаваньні да ЗША аб бясьпецы ў канцы мінулага году. ЗША і NATO заявілі, што частка з іх заведама невыканальная — напрыклад, адмова ад прыняцьця новых чальцоў. Тым ня менш бакі дамовіліся працягнуць абмеркаваньне пытаньня.
- Вашынгтон прасіў не публікаваць зьмест свайго адказу. Але зь ім удалося азнаёміцца газэце The New York Times. У публікацыі выданьня гаворыцца, што ЗША гатовыя абмеркаваць з Расеяй узаемныя абмежаваньні на правядзеньне вайсковых вучэньняў і абмежаваньне ракетных і ядзерных узбраеньняў.