Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Параўнаў свой прысуд з прысудам кілеру банды Марозава». Ігар Лосік за кратамі 575 дзён


Дар’я Лосік з дачкой Паўлінай
Дар’я Лосік з дачкой Паўлінай

Дар’я Лосік, жонка палітвязьня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка, наведала мужа ў СІЗА-3 Гомля.

Журналіст Свабоды і палітвязень Ігар Лосік працягвае знаходзіцца ў СІЗА-3 Гомля. З дня прысуду прайшло ўжо больш за месяц, аднак усе абвінавачаныя па справе Ігара чакаюць разгляду апэляцыі на свае прысуды. Паводле заканадаўства, накіраваць у месцы адбыцьця пакараньня іх могуць толькі пасьля гэтай працэдуры.

Жонка палітзьняволенага Дар’я Лосік працягвае вазіць мужу перадачы ў Гомель, цяпер ёй дазваляюць кароткатэрміновыя спатканьні з мужам. Чарговае зь іх адбылося ў пятніцу 21 студзеня.

«Сёньня ў нас было чацьвёртае спатканьне пасьля прысуду, — расказвае Дар’я Лосік. — Ігар скардзіўся на здароўе. У яго і так былі праблемы са страўнікам, а цяпер яшчэ больш гэта ўсё ўскладнілася. Плюс пачаліся праблемы з зубамі. Ігар мяркуе, што гэта праз тое, што ім у СІЗА не дазваляюць перадаваць малочныя прадукты. Нельга ёгурты, тварог, гэтага яны там не ядуць».

Дар’я таксама кажа, што ў Ігара вагаецца настрой. Ад пазытыўнага да нэгатыўнага. Ігар часта абураецца сваім прысудам. Кажа, што нават тыя, хто яму яго агучваў, разумеюць яго незаконнасьць.

«Прачытаў у навінах пра кілера з банды Марозава, якога нядаўна асудзілі на 15 гадоў у Гомлі, — кажа Дар’я. — Сказаў, што той забіў 8 чалавек і атрымаў такі ж тэрмін, як Ігар, які не зрабіў нічога. Пра Казахстан таксама размаўляла зь ім. Мы абое мяркуем, што Казахстан крыху перабіў беларускі парадак дня і той трэба неяк вяртаць назад у інфармацыйную прастору. Для мяне цяжка сёньня было на спатканьні, Ігар меў складаны настрой».

Сустрэча Дар’і з мужам працягвалася стандартныя дзьве гадзіны. Ігар Лосік расказаў жонцы, што на Новы год адміністрацыя СІЗА-3 зладзіла агляд камэры. Цяпер Ігар чакае пераводу ў калёнію. Ён спадзяецца, што там умовы будуць лепшыя за ўмовы ў СІЗА. Цяпер вязьні ня могуць нават нармальна ўдзельнічаць у прагулках — дворыкі для гэтага арганізаваныя на даху СІЗА, і адтуль не відаць амаль нічога.

«Ігара вельмі цікавіць тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, — кажа Дар’я. — Я яму расказваю пра ўсё. Пра тое, што пасадкі і суды не спыняюцца, таксама затрыманьні за камэнтары. Ігара гэта ўсё вельмі зьдзіўляе, ён называе гэта маразмам. Гэта ўжо не 1937-ы год, гэта нашмат горш… Яшчэ Ігар сказаў, што ад некага ў СІЗА даведаўся пра тое, што калі людзей адпраўляюць у калёнію, то іх часта потым знаходзяць павешанымі. Мяне гэта вельмі насьцярожыла. Я абяцаю, што калі з галавы Ігара ўпадзе хоць адзін волас, то я тады спачуваю ўсім датычным».

Па словах Дар’і Лосік, муж таксама шмат распытваў пра дачку Паўліну. Пра тое, як адсьвяткавалі яе дзень народзінаў, як прайшлі сьвяты, як яна размаўляе, ці есьць і п’е ўжо сама.

«Ігару цяжка размаўляць са мной пра дачку, ён перажывае, што даўно яе ня бачыў, — кажа Дар’я Лосік. — Ён абураецца, што Паўліну нельга браць на нашыя спатканьні. Калі б ён яе пабачыў, то адчуваў бы сябе лепш. Кажа, што павесялеў бы».

Дар’я просіць усіх пісаць Ігару лісты, яны цяпер даходзяць лепш, чым гэта было да прысуду. Час пераводу Ігара Лосіка ў калёнію пакуль невядомы нават прыблізна. Да канца разгляду апэляцыі на прысуд усіх фігурантаў ягонай справы працягваюць трымаць у СІЗА-3 Гомля.

Журналіст Свабоды Ігар Лосік быў затрыманы ў сябе дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. Яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Закрыты суд па справе Ігара, якога судзілі разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам і іншымі палітвязьнямі, пачаўся толькі праз год. Прысуд — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму — агучылі 14 сьнежня 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG