Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса падазраюць у арганізацыі банды, якая выкрадала грошы з картак грамадзян Эўразьвязу і ЗША


Даркнэт, ілюстрацыйнае фота
Даркнэт, ілюстрацыйнае фота

18 студзеня супрацоўнікі МУС Беларусі і Гішпаніі пры падтрымцы паліцыі ЗША затрымалі чальцоў міжнароднай злачыннай арганізацыі, якія займаліся купляй дарагіх рэчаў з дапамогай дадзеных, атрыманых з даркнэту.

Затрыманыя выхадцы з краін СНД набывалі дарагія тавары ў замежных інтэрнэт-крамах па банкаўскіх картках грамадзян Эўразьвязу і ЗША, рэквізыты якіх куплялі ў даркнэце. У Сьледчым камітэце расказалі падрабязнасьці — шкода вымяраецца сотнямі тысяч даляраў, а затрыманым пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

«Злачынная групоўка працавала каля 10 гадоў пад выглядам легальнага бізнэсу», — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўленьня па супрацьдзеяньні кібэрзлачыннасьці Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэй Кавалёў.

Згодна з інфармацыяй СК, удзельнікі банды куплялі ў даркнэце рэквізіты картак, аплачвалі зь іх дапамогай тавары і перапрадавалі іх па больш нізкіх цэнах. За кошт выкрадзеных грошай таксама выплачвалі заробак супрацоўнікам і аплачвалі неабходнае абсталяваньне. Даказаная на гэты момант шкода вызначаецца цягам сьледзтва і, мяркуе Кавалёў, будзе павялічвацца.

На ўдзельнікаў групоўкі завялі крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 212 КК (крадзеж маёмасьці шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі), расказаў намесьнік начальніка ўпраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў супраць інфармацыйнай бясьпекі і інтэлектуальнай уласнасьці СК Аляксандар Сямёньнік. Гэты артыкул пагражае падазраваным ад 5 да 12 гадамі пазбаўленьня волі са штрафам і канфіскацыяй маёмасьці.

Галоўны арганізатар злачынства — грамадзянін Беларусі, які скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ. Мужчына жыў у Тайландзе, потым у Гішпаніі, хацеў арганізаваць свой бізнэс і ў выніку пачаў яго, але незаконна. Залучаў у «справу» людзей, прапаноўваючы ім добрую працу. Цяпер мужчына знаходзіцца ў Гішпаніі, Беларусь плянуе запатрабаваць яго выдачу на радзіму для прыцягненьня да адказнасьці.

Затрыманыя ў Беларусі меркаваныя ўдзельнікі групоўкі — людзі з вышэйшай фінансавай адукацыяй, 30–36 гадоў. Сьледзтва ў справе працягваецца: 18 студзеня затрымалі арганізатараў, зараз будуць шукаць і прыцягваць да адказнасьці людзей як у іншых гарадах Беларусі, так і ў іншых краінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG