«Сьцяну» на мяжы зь Беларусьсю будуюць з дроту тыпу «Егоза», калючага дроту, сеткі-рабіцы, а таксама пераносных загародак.
«Інжынэрныя групы таксама ўладкоўваюць верталётныя пляцоўкі, каб забясьпечыць апэратыўнае перакіданьне рэзэрваў у выпадку рэзкай зьмены абстаноўкі на пэўным участку мяжы», — паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны.
Паводле памежнікаў, для будаўніцтва «сьцяны» на беларускім кірунку ўжо зрабілі 4630 бухтаў дроту. Паводле стандартаў, адна такая бухта важыць да адной тоны, у ёй амаль 6,5 тысячы мэтраў. Такім чынам, агульная даўжыня гэтага дроту ўжо перавысіла 30 тысяч кілямэтраў.
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны нагадалі, што ўрад Украіны выдзеліў 21 мільён грыўняў (амаль 800 тысяч даляраў у эквіваленце) на ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю. Такое рашэньне ва Ўкраіне ўхвалілі на тле міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай.
Агулам летась урад Украіны на ўзмацненьне аховы дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю і павелічэньне абароназдольнасьці краіны выдзеліў з рэзэрвовага фонду 214 мільёнаў грыўняў (амаль 9 мільёнаў даляраў у эквіваленце).
Памежнікі адзначылі, што ўжо набылі 300 тон сыравіны. Вырабленага зь яе дроту хопіць, каб перакрыць каля 62 кілямэтраў украінска-беларускага ўчастку мяжы.
Што папярэднічала
- Пасьля пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай Украіна заявіла пра намер узмацніць ахову свайго ўчастку мяжы зь Беларусьсю. 10 лістапада 2021 году прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі правёў пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. На ёй вызначылі 10 найбольш імаверных участкаў мяжы, на якіх могуць масава апынуцца мігранты.
- Адначасова Ўкраіна пачала праводзіць кансультацыі са сваімі замежнымі партнэрамі аб узмацненьні бясьпекі на межах сваёй краіны ў сувязі з канцэнтрацыяй расейскіх войскаў паблізу і адначасовага міграцыйнага крызісу, створанага Беларусьсю.
- Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км на сухаземным участку, 325,9 км на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС.
- Тэрыторыя побач зь дзяржаўнай мяжой цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, азярынамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большасьць якіх даўно ня дзейнічае.