Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санаторый, статак кароў і лятарэйныя квіткі. Чым займаецца «Менсктранс», які патрабуе шматтысячных штрафаў са зьняволеных


Аўтобус «Менсктранса»
Аўтобус «Менсктранса»

На судах «Менсктранс» выстаўляе актывістам вялікія сумы за нібыта шкоду грамадзкаму транспарту. Напрыклад, спартоваму журналісту Аляксандру Івуліну выставілі пазоў на 39 тысяч рублёў.

У сьнежні мінулага году падчас суду над Алегам Корбанам, лідэрам грамадзкай ініцыятывы «Альтэрнатыва», «Менсктранс» спаганяў 35 тысяч рублёў. І такіх выпадкаў падчас судоў над актывістамі было шмат.

У кастрычніку мінулага году падчас суду над дызайнэрам Дзьмітрыем Кубаравым «Менсктранс» спагнаў больш за 46 тысяч рублёў. Прэтэнзіі «Менсктрансу» тычыліся блякаваньня дарог 11–12 жніўня.

Пазьней у судзе Савецкага раёну грамадзянскі пазоў ад «Менсктрансу» выставілі адразу 17 зьняволеным. На ўсіх — 21 667 рублёў.

Глядзім, што гэта за арганізацыя.

Манапаліст грамадзкага транспарту

«Менсктранс» стварылі ў 2003 годзе рашэньнем Менгарвыканкаму. У новую арганізацыю ўвайшлі структуры, якія раней займаліся транспартам: «Менскэлектратранс», «Менскпасажыраўтатранс», «Упраўленьне транспарту і сувязі Менгарвыканкаму» і «Менскі мэтрапалітэн». Пазьней мэтрапалітэн выйшаў са структуры «Менсктрансу».

Новая арганізацыя пачала з абнаўленьня транспартнага парку. Закупілі новыя аўтобусы МАЗ, пачалі рамонт дыспэтчарскіх станцый. З 2007 году «Менсктранс» перастаў выкарыстоўваць аўтобусы Ikarus — увесь транспарт у сталіцы стаў беларускай вытворчасьці.

Структура «Менсктрансу» — гэта ўсе тралейбусныя і аўтобусныя паркі, аўтавакзалы, аўтастанцыі, трамвайны парк.

Мае сваю сельскую гаспадарку і санаторый

«Менсктранс» займаецца ня толькі транспартам: у сваёй структуры ён мае, сярод іншага, санаторый «Волма» ў пасёлку Азёрны Чэрвеньскага раёну. Аднамесны нумар у ім каштуе для грамадзян Беларусі каля 70 рублёў за суткі.

З 2004 году «Менсктранс» валодае сельскагаспадарчай арганізацыяй «Вялікапольле» ў Чэрвеньскім раёне. У гаспадаркі 3344 гектары зямлі, статак на 430 дойных кароваў, майстэрня і свая АЗС.

Таксама ў структуру «Менсктрансу» ўваходзіць агенцтва «Менсктранс», якое, сярод іншага, займаецца продажам квіткоў, картак для аплаты праезду і лятарэйных білетаў.

Займаецца міжнароднымі перавозкамі

Апроч гарадзкіх і міжгародніх перавозак, «Менсктранс» зьдзяйсьняе і міжнародныя рэйсы. Цяпер ёсьць адзін рэйс у Вільню, два ў Варшаву, адзін у Рыгу, два ў Кіеў, два ў Маскву.

Падаваў пазовы ў суд на актывістаў і раней

Падчас судоў над актывістамі за шэсьце і мітынг пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году «Менсктранс» таксама падаваў пазовы. Напрыклад, зь Дзьмітра Бандарэнкі, сябра выбарчага штабу Андрэя Саньнікава, гэтая арганізацыя хацела спагнаць 159 тысяч рублёў за перашкоду грамадзкаму транспарту (52 даляры па тагачасным курсе). Тады Дзьмітры прызнаў гэты пазоў.

Пазоў у такім жа памеры «Менсктранс» выстаўляў Андрэю Саньнікаву ды іншым актывістам, якіх судзілі разам зь ім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG