Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дарагая і лепшая, чым у МУС». ByPol расказаў пра праграму распазнаваньня твараў сілавікоў


Менск, 26 жніўня 2020 году
Менск, 26 жніўня 2020 году

Прадстаўнік ініцыятывы ByPol Матвей Купрэйчык расказаў у інтэрвію Свабодзе пра праграму распазнаваньня твараў, дзякуючы якой можна выявіць сілавікоў, датычных да рэпрэсій супраць беларусаў.

Праграма працуе дзякуючы базе дадзеных МУС, якую ўзламалі «Кібэрпартызаны». Гэта пашпартныя дадзеныя і фатаздымкі ўсіх жыхароў Беларусі. Сыстэма распазнаваньня твараў, якую распрацавалі ў ByPol, параўноўвае пашпартныя здымкі з выявамі сілавікоў падчас рэпрэсій супраць пратэстоўцаў або іншых гвалтоўных дзеяньняў.

Праграму распрацоўвалі каля паўгода — за сродкі, паводле Матвея Купрэйчыка, саміх беларусаў.

«Распрацоўка каштавала дорага»

«Дакладнай сумы назваць мы ня можам, але распрацоўка каштавала дорага. Пад усімі нашымі відэа, пад усімі допісамі мы заўсёды разьмяшчаем нашыя крыптакашалькі: BitCoin, Ethereum і гэтак далей. І грамадзяне Беларусі, якія за свабодную і дэмакратычную Беларусь, адпраўляюць свае ахвяраваньні на барацьбу з рэжымам. І мы выкарыстоўваем гэтыя сродкі на барацьбу з рэжымам. У будучыні гэтая сыстэма дапаможа нам прыцягнуць да адказнасьці ўсіх адказных», — кажа Купрэйчык.

Людзей, якія распрацоўвалі сыстэму, былы беларускі сілавік называе вельмі высокакваліфікаванымі спэцыялістамі, якія маюць вялікую колькасьць ІТ-сэртыфікатаў. Падрабязнасьці пра іх ён расказваць не пажадаў.

«ByPol — гэта ня толькі сілавікі. Ад моманту нашага заснаваньня 20 кастрычніка 2020 году ў шэрагі нашай арганізацыі ўступіла вялікая колькасьць людзей, якія зьяўляюцца і айцішнікамі, і настаўнікамі, і рабочымі заводаў. Мы сабралі каманду, якая прайшла ўсю магчымую вэрыфікацыю з нашага боку».

«Распазнаваньне твару займае долі сэкунды»

Матвей Купрэйчык адмовіўся расказваць і пра дэталі самой праграмы. Але ён запэўніў, што яна ад пачатку і да канца была распрацаваная адмыслова для ByPol і не карыстаецца агульнадаступнымі праграмамі распазнаваньня твараў.

«Распазнаваньне твару займае долі сэкунды, бо сыстэма — гэта кампутар, ён працуе вельмі хутка. А далей працэс па ўстанаўленьні асобы можа працягвацца вельмі доўга, пакуль ня сыдуцца ўсе фактары, якія пацьвярджаюць дакладна, што гэта менавіта той чалавек», — кажа прадстаўнік ByPol.

Сёньня арганізацыя апублікавала кароткае відэа, на якім сыстэма быццам бы ідэнтыфікавала беларускіх салдат, якія знаходзяцца ў Казахстане ў рамках місіі АДКБ. Аднаго зь «міратворцаў» праграма, паводле Купрэйчыка, распазнала нават у балаклаве.

«Сыстэма беларускай улады ўжо даўно выкарыстоўвае падобныя праграмы. На ўласным прыкладзе магу сказаць, што ў мяне была такая праграма на працоўным месцы. Нашая новая сыстэма дазваляе распазнаваць асобы ў балаклавах. І мы такі прыклад прывялі ў сёньняшнім невялікім роліку, калі чалавека ў балаклаве сыстэма распазнала. Тая сыстэма, якая была ў маім распараджэньні (у МУС. — РС), была горшая», — кажа Матвей Купрэйчык.

«Паведамленьні ад людзей прыходзяць літаральна кожную сэкунду»

Але канчатковая выснова, ці той гэта чалавек, які прымаў удзел у рэпрэсіях, робіцца ня толькі на аснове распрацаванай сыстэмы. Ёсьць шмат узроўняў праверак, тлумачыць былы сілавік.

«Сыстэма — гэта толькі інструмэнт, які накіроўвае ў слушны бок. Канчатковае рашэньне прымае сам чалавек, і ён гэта пацьвярджае іншымі зьвесткамі. На шчасьце, цяпер у нас такіх сродкаў хапае. Так, бываюць памылкі, але на тое і ёсьць чалавек за кампутарам, які дзякуючы іншым базам дадзеных супастаўляе магчымасьць, што той самы чалавек знаходзіўся, напрыклад, у Казахстане».

Раніцай ByPol заклікаў беларусаў дасылаць відэа і фота, на якіх ёсьць выявы сілавікоў падчас учыненьня злачынстваў. Да абеду, па словах Купрэйчыка, чат-бот проста разрываўся ад паведамленьняў.

«Вельмі вялікая актыўнасьць людзей. Мы, калі шчыра, нават самі не чакалі. Паведамленьні нам прыходзяць літаральна кожную сэкунду. Людзі дасылаюць вялікія архівы, відэа, фота, якіх мы раней нават ня бачылі ў публікацыях на нейкіх рэсурсах».

Што будзе далей з усёй гэтай інфармацыяй? Паводле Купрэйчыка, ByPol стварае адмысловую базу дадзеных, у якой будзе інфармацыя пра тое, што пэўны чалавек быў заўважаны ў канкрэтным месцы і знаходзіўся там, напрыклад, у форме менскага АМАПу.

«Мы таксама распытваем асобу, якая даслала матэрыял. І пасьля вяртаньня ў Беларусь мы будзем выкарыстоўваць гэтыя дадзеныя для ўзбуджэньня крымінальных справаў і правядзеньня паўнавартасных праверак па факце ўчыненьня злачынства».

«Мы можам вылічыць кожнага»

Купрэйчык запэўнівае, што ўся камунікацыя з патэнцыйнымі інфарматарамі бясьпечная, бо перапіска цалкам вычышчаецца пасьля атрыманьня матэрыялаў.

«ГУБАЗ прыдумляе, што ён нешта ўзламаў і што ён мае супраць кагосьці матэрыял. На самой справе ў іх нічога няма. Але пасьля такога чалавек ламаецца. Ня варта верыць іх словам, што яны нешта знайшлі і ўзламалі. Гэта проста фэйк, гэтаксама як інфармацыя пра ўзлом базы дадзеных „Перамогі“. Гэта проста немагчыма зь іх боку», — сьцьвярджае прадстаўнік ByPol.

«Мы хочам паказаць супрацоўнікам, якія знаходзяцца там, што ў будучыні ня варта ўчыняць злачынстваў. Нельга ні ў якім разе выконваць злачынныя загады, бо іх дзейнасьць ужо не ананімная. Мы можам вылічыць кожнага», — кажа Матвей Купрэйчык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG