Навацыі будуць у выдачы крэдытаў, субсыдыяў прадпрымальнікам і аплаце праезду ў маршрутках. Таксама пачынаюць дзейнічаць сэзонныя правілы, што тычацца паляўнічых і рыбакоў.
Расказваем аб некаторых зьменах.
На колькі павялічыцца БПМ
БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў памеры 491,09 рубля, гэта на 3,37 рубля, або 0,7%, вышэй за той, што дзейнічаў з 1 жніўня па 31 кастрычніка.
Мінулым разам БПМ пераглядалі ў жніўні. Тады ён вырас на 5,4% і складаў 487,72 рубля.
Павялічыцца дапамога некаторым сем’ям зь дзецьмі
Адпаведна павялічваецца памер дзяржаўнай дапамогі некаторым семʼям, якія выхоўваюць дзяцей, бо яна ўвязаная з БПМ, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Гэтак, вырасьце аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэньнем дзіцяці: на першае дзіця — 10 БПМ, або 4910,9 рубля, на другое і наступных — па 14 БПМ, або 6875,26 рубля. Аднаразовая дапамога жанчынам, якія стануць на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці, павялічыцца да 491,09 рубля. Цяпер дапамога складае 487,72 рубля.
«Дапамога семʼям на дзяцей ад 3 да 18 гадоў у пэрыяд выхаваньня дзіцяці ва ўзросьце да 3 гадоў (штомесячная) — 50 працэнтаў БПМ, або 245,55 рубля», — удакладнілі ў Міністэрстве працы.
Вырастуць таксама некаторыя іншыя дапамогі на дзяцей.
Да БПМ прывязаныя мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пэнсіі. Памеры гэтых выплатаў таксама перагледзяць з 1 лістапада.
Столь цэнаў на гародніну і яблыкі
З 15 лістапада Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) увядзе верхнюю мяжу цэнаў на прадукты, у прыватнасьці, на гародніну і яблыкі. Кіляграм бульбы ўраздроб не павінен быць даражэйшы за 1,07 рубля, капусты — 1,62 рубля, морквы — 1,35 рубля, буракоў — 1,17 рубля, рэпчатай цыбулі — 1,68 рубля. Цана кіляграму яблыкаў ня мусіць перавышаць 4,8 рубля.
Падаражэюць цыгарэты
Беларускія вытворцы і пастаўнікі цыгарэт паводле дзейных правілаў могуць пераглядаць цану сваёй прадукцыі штомесяц. Такім чынам у лістападзе падаражэюць 9 марак цыгарэт. Ідзецца пра пяць марак брэнду Dove, цана якіх пабольшае на 5 капеек, дзьве маркі Rigins і дзьве маркі RB Perliamutr, якія падаражэюць на 10 капеек.
Уводзіцца безнаяўная аплата праезду ў маршрутках
З 1 лістапада на гарадзкіх маршрутках у Беларусі ўводзяць безнаяўную плату за праезд. Паводле Міністэрства падаткаў і збораў (МПЗ), выкарыстоўваць платныя і карткавыя платныя тэрміналы і абавяжуць юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца гарадзкімі аўтамабільнымі перавозкамі пасажыраў у рэгулярных зносінах аўтобусамі катэгорыі М2 (перавозкі маршрутнымі таксі).
Карткавы платны тэрмінал — гэта фізычная прылада, якая дазваляе прымаць плату толькі з банкаўскіх картак. Платны тэрмінал — шырэйшае паняцьце, ён можа прымаць плату ня толькі з картак, але і зь іншых платных прыладаў, напрыклад QR-коду.
«Такім чынам, выкарыстаньне аднаго (або некалькіх) платных сэрвісаў, напрыклад, E-POS, „Аплаці“, SmartPay, Cashew, прызнаецца выкарыстаньнем платнага тэрміналу. Для падключэньня субʼекта гаспадараньня трэба будзе заключыць дамову з уладальнікам выбранага электроннага платнага сэрвісу», — праінфармавалі ў МПЗ. Калі карткавы платны тэрмінал не купілі, то для выкананьня патрабаваньняў заканадаўства можна выкарыстоўваць усякі зручны электронны платны сэрвіс, які забясьпечвае магчымасьць безнаяўнай аплаты».
Аплата маёмасных падаткаў
Да 17 лістапада беларусам трэба заплаціць тры маёмасныя падаткі: транспартны, зямельны і на нерухомасьць. Апавяшчэньні, дзе пазначана агульная сума падаткаў, мелі прыйсьці праз пошту да 1 кастрычніка. Усе, хто валодае хаця б адной кватэрай, плацяць падаткі. Падатак на нерухомасьць вызначаюць паводле разьліковай цаны квадратнага мэтра плошчы гэтай кватэры і стаўкі падатку, вызначанай Падатковым кодэксам. Для фізычных асобаў яна складае 0,1%. Ад выплаты падатку на нерухомасьць вызваляюцца пэнсіянэры, інваліды I і II групаў, шматдзетныя семʼі.
Банкі правераць крэдытную актыўнасьць
З 1 лістапада 2025 году пачнуць дзейнічаць новыя нормы закону «Аб спажывецкім крэдыце і мікрапазыцы».
Цяпер заключыць крэдытную дамову можна будзе толькі на наступны дзень пасьля падачы заяўкі.
Грашовыя сродкі кліенту пералічаць таксама не адразу, а не раней, чым на наступны працоўны дзень пасьля падпісаньня дакумэнтаў. Акрамя гэтага, беларускія банкі правераць актыўнасьць крэдытных запытаў кліентаў за апошні тыдзень.
Дапамога ад дзяржавы прадпрымальнікам
Вырастуць субсыдыі ад дзяржавы на арганізацыю сваёй справы. Для тых, хто жыве ў горадзе, памер субсыдыі з 1 лістапада складзе 11 БПМ, або 5401,99 рубля, а для тых, хто жыве ў малых гарадах і раёнах з высокай напружанасьцю на рынку працы, а таксама ў сельскай мясцовасьці, — 15 БПМ, ці 7366,35 рубля.
Тыя, хто плянуе арганізаваць сваю справу, зьвязаную з укараненьнем вынікаў навуковых дасьледаваньняў і распрацовак, цяпер атрымаюць 20 БПМ, або 9821,8 рубля субсыдыі.
Гэтыя памеры субсыдыяў будуць дзейнічаць да 31 студзеня 2026 году.
Забарона на лоўлю сома і сіга
Лоўля сома забароненая з 1 лістапада да 31 сакавіка 2025 году, паведамілі ў Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў (БТПР). Сом вельмі чуйны да пахаладаньня, ён раней за іншыя віды рыб залягае на зімоўку і становіцца практычна нерухомым. Але гэта робіць сома на зімавальных ямах лёгкай здабычай. Для захаваньня папуляцыі сома ўва ўсёй краіне ўводзяць забарону на яго лоўлю з 1 лістапада па 31 сакавіка, пры гэтым забараняецца ня толькі прамысловая, але і аматарская лоўля.
Таксама з 1 лістапада па 15 сьнежня ў Беларусі спынены вылаў сіга чудзкага. Такі строгі захад прынялі дзеля спрыяльных умоваў для папуляцыі гэтай рэдкай рыбы ў беларускіх вадаёмах, бо ў гэты пэрыяд у ласасёвых, да якіх адносіцца сіг чудзкі, пачынаецца нераст.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Форум