Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь беларускай сьпявачкі Анжалікі Агурбаш у Расеі спаганяюць 82 тысячы даляраў


Анжаліка Агурбаш
Анжаліка Агурбаш

Спагнаньне грошай з поп-зоркі адбываецца пасьля судовага пазову «Белкаапсаюзу».

Рахунак амаль на 6,1 мільёна расейскіх рублёў (амаль 82 тысячы даляраў) выставіла беларускай сьпявачцы Анжаліцы Агурбаш Фэдэральная служба судовых прыставаў Расеі. Квітанцыя на аплату зьявілася ў базе судовых вытворчасьцяў.

Грошы са сьпявачкі спаганяюць на падставе пастановы Эканамічнага суду Менску, які абавязаў сьпявачку вярнуць «Белкаапзьнешгандлю Белкаапсаюзу» 49 адзінак тавару, які яна павінна была прадаць у Маскве і атрымаць камісійныя. Гэта ў асноўным футры, а таксама шалікі, шапкі, камізэлькі і іншыя вырабы.

Першае рашэньне ў «справе аб футрах» прынялі яшчэ ў чэрвені 2021 году. У судзе адказчык сьцьвярджаў, што Анжаліка Агурбаш у 2018 годзе заключыла з прадпрыемствам дамову аб рэалізацыі тавару і да чэрвеня 2020 году павінна была пералічыць грошы за прададзеныя футравыя вырабы, або вярнуць тавар. Аднак ні таго, ні другога не адбылося. Суд стаў на бок кампаніі.

Расейскія судовыя прыставы першапачаткова налічылі сьпявачцы для выплаты больш як 197,9 тысячы расейскіх рублёў (каля 2,7 тысячы даляраў). Цяпер яны вырашылі спагнаць асноўны кошт тавару.

Паміж Расеяй і Беларусьсю дзейнічае пагадненьне аб прызнаньні актаў арбітражных судоў. Яны выконваюцца ў такім жа парадку, што і рашэньні сваёй дзяржавы.

На радзіме супраць Анжалікі Агурбаш, якая даўно жыве ў Маскве, завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі і распальваньне варажнечы. Ён пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG