Беларускія салдаты прыбылі ў Казахстан у пятніцу 7 студзеня, празь дзень пасьля рашэньня Лукашэнкі паслаць туды дэсантнікаў у межах апэрацыі АДКБ.
У склад Узброеных сілаў гэтай арганізацыі ўключаная 103-я Віцебская паветрана-дэсантная брыгада колькасьцю каля 1500 чалавек.
Аднак у выніку ў Казахстан накіравалі толькі адну роту са 100 вайскоўцаў. Усе яны належаць да міратворчай роты Ўзброеных сіл РБ — адмысловага падразьдзяленьня, жаўнеры якога павінны ўдзельнічаць у працэсе ўрэгуляваньня збройных канфліктаў. Расказваем пра беларускіх міратворцаў.
Міратворчая рота існуе 17 гадоў
Гэтае вайсковае фармаваньне створана ўжо ў незалежнай Беларусі, у 2005 годзе. Для яго распрацавалі ўласную эмблему з надпісамі па-беларуску і па-ангельску.
Рота залічана ў склад 120-й Рагачоўскай мэханізаванай брыгады. Аднак разьмяшчаюцца вайскоўцы роты ў Віцебску на тэрыторыі 103 Віцебскай дэсантнай брыгады, таму іх часта адносяць да дэсантнікаў.
Празь пяць гадоў пасьля стварэньня міратворчай роты пяцёра яе вайскоўцаў паехалі ў Лібан, дзе склалі першую беларускую замежную місію. Для гэтага Лукашэнка падпісаў адмысловы ўказ № 400 «Аб накіраваньні вайскоўцаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасьці па падтрыманьні міжнароднага міру і бясьпекі ў Лібанскай Рэспубліцы». Пазьней колькасьць беларусаў у місіі была павялічаная да сямі. У асноўным гэта мэдычныя спэцыялісты.
Навучаньне праводзяць інструктары зь Вялікай Брытаніі і іншых краін NATO
Служыць у міратворчай роце УЗ РБ могуць толькі кантрактнікі, трапіць туды адразу пасьля прызыву немагчыма. Патэнцыйных кандыдатаў адбіраюць падчас службы ў іншых фармаваньнях. Потым яны праходзяць трохмесячны курс навучаньня ў Вайсковай акадэміі і здаюць іспыты па ангельскай мове і міжнародным гуманітарным праве. Калі іспыты здадзены пасьпяхова, жаўнера накіроўваюць на далейшае навучаньне, у тым ліку за мяжой. Кожны вайсковец міратворчай роты дадаткова вучыць ангельскую мову, курс разьлічаны на 300 гадзін навучаньня.
Пасьля гэтага жаўнеры праходзяць практычнае навучаньне, якое працягваецца яшчэ 2–4 тыдні. Іх вучаць камунікаваць зь міратворчымі падразьдзяленьнямі іншых краін, карыстацца міжнароднымі стандартамі ў навігацыі. Акрамя гэтага, кожны беларускі міратворац павінен скочыць з парашутам.
Навучаньнем жаўнераў міратворчай роты займаліся ня толькі расейскія спэцыялісты. Як мінімум да пачатку 2020 году вайскоўцы роты рэгулярна наведвалі сумесныя вучэньні з падразьдзяленьнямі краін NATO. У сакавіку 2020 году такія вучэньні прайшлі ў Беларусі з удзелам 28 вайскоўцаў батальёна марской пяхоты Вялікай Брытаніі.
У Лібане прадстаўнікі беларускай міратворчай роты дзейнічаюць сумесна з італьянскімі вайскоўцамі, для чаго італьянская амбасада ў Менску арганізавала жаўнерам курсы італьянскай мовы.
Жаўнеры міратворчай роты таксама рэгулярна трэніраваліся ў навучальных цэнтрах Нямеччыны, Польшчы, Вугоршчыны, Турэччыны, Швайцарыі і іншых краін.
Сучасная беларуская зброя на ўзбраеньні
На ўзбраеньні беларускай міратворчай роты ёсьць як абсталяваньне беларускай распрацоўкі, так і мадэрнізаваная савецкая зброя. У прыватнасьці, яе жаўнеры перамяшчаюцца на абноўленых савецкіх бронетранспартэрах БТР-80, іх можна пабачыць на відэа аб прыбыцьці беларусаў у Казахстан. На іншых здымках, апублікаваных беларускімі дзяржаўнымі СМІ, можна таксама пабачыць кітайскую вайсковую тэхніку, падораную Беларусі некалькі гадоў таму.
Форма, шаломы, бронекамізэлькі і некаторыя іншыя рэчы — беларускай распрацоўкі. Акрамя звыклага зялёнага камуфляжу, прынятага ў беларускім войску, жаўнеры міратворчай роты таксама маюць камплекты пяшчанага колеру, якія могуць выкарыстоўвацца за межамі Беларусі.
А вось уласнай авіяцыі ў беларускіх міратворцаў няма. У Казахстан яны дабіраліся на расейскім вайсковым транспартным Іл-76. Такія ж самалёты ёсьць на ўзбраеньні беларускага войска, аднак імі не скарысталіся.
У праграму падрыхтоўкі вайскоўцаў міратворчай роты таксама ўваходзіць вывучэньне замежнай зброі, у тым ліку ізраільскай і амэрыканскай.
Колькасьць жаўнераў беларускай міратворчай роты можа быць павялічаная са 100 да 300 чалавек за кошт жаўнераў іншых падразьдзяленьняў. Паводле паведамленьняў дзяржаўных СМІ, усе беларускія вайскоўцы, якія цяпер знаходзяцца ў Казахстане, паехалі туды добраахвотна.
Пратэсты ў Казахстане
- Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
- 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
- Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
- Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
- Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
- Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
- Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
- 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
- Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
- У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
- 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
- Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
- 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
- Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
- У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
- 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
- На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
- 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
- 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
- Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
- Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
- Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
- 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
- У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
- Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
- Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.