Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казаскія пратэсты ў лічбах: ад ахвяраў да шкоды


Вуліца ў Казахстане пасьля пратэстаў, 5 студзеня 2022 году
Вуліца ў Казахстане пасьля пратэстаў, 5 студзеня 2022 году

Сабралі асноўныя лічбы па казаскіх пратэстах на 6 студзеня.

МУС Казахстана ўвечары паведаміла пра 18 забітых сілавікоў.

Дакладнай лічбы забітых пратэстоўцаў няма. Фігуруе лічба ў дзясяткі забітых «нападнікаў на адміністрацыйныя будынкі». Яе паведамілі ранкам 6 студзеня ў паліцыі Алматы.

Пацярпелі больш за 1000 чалавек, 400 параненых у шпіталях, паінфармавала ранкам Міністэрства аховы здароўя Казахстану.

Каля 1000 чалавек параненых падчас пратэстаў у Алматы, заявіў увечары Вярхоўны камісар ААН.

Сярод пацярпелых 749 праваахоўнікаў, заявіла МУС, і дзесяць мэдыкаў Алматы, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Пацярпелых або забітых беларусаў у Казахстане няма, чатыры чалавекі запрасілі дапамогу ва эвакуацыі дадому, перадала МЗС Беларусі.

Затрымалі 2298 чалавек, перадала МУС Казахстану.

Казаскія мэдыя паведамлялі пра тысячы пратэстоўцаў, якія выходзілі на вуліцы па ўсёй краіне. Агульная іхняя колькасьць невядомая.

Страты бізнэсу ў краіне пакуль ацанілі прыкладна ў 90 мільёнаў даляраў (або 40 мільярдаў казаскіх тэнге). Аднак большасьць прадпрымальнікаў ня маюць дасягу да сваіх аб’ектаў і ня можа ацаніць шкоду. У Алматы разрабавалі шэсьць крамаў са зброяй.

Адмянілі рух 25 пасажырскіх цягнікоў.

Канікулы ў школах Казахстану працягнулі да 17 студзеня, ва ўнівэрсытэтах — да 24 студзеня.

У Казахстан у межах місіі АДКБ накіруюць 100-300 беларусаў у складзе міратворчай роты, паведаміў Лукашэнка, перадала ВВС.

Таджыкістан дашле каля 200 вайскоўцаў, Кыргызстан — каля 150 вайскоўцаў і Армэнія каля 70 вайскоўцаў, апошнія дзьве краіны —дзеля аховы стратэгічных аб’ектаў. Колькі расейскіх дэсантнікаў у межах місіі АДКБ накіруюць у Казахстан, невядома.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG