Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Казахстан 4 студзеня 2022-га — гэта 17 жніўня 2020-га ў Менску». Што пішуць дзяржаўныя СМІ Беларусі пра казаскія пратэсты


Счэпкі на пратэстах у Казахстане
Счэпкі на пратэстах у Казахстане

У Казахстане актыўная фаза пратэстаў. Дзяржаўныя СМІ Беларусі пішуць з гэтай нагоды, што пратэсты нібыта «падагрэтыя Захадам».

Тэма пратэстаў у Казахстане не пакінула абыякавымі ня толькі названыя ўладамі Беларусі «экстрэмісцкімі» незалежныя СМІ, але і дзяржаўныя мэдыя. Выданьні, якія падтрымліваюць Лукашэнку, актыўна пішуць пра падзеі ў цэнтральнаазіяцкай краіне і заклікаюць тамтэйшых сілавікоў да разгонаў дэманстрантаў. Маштабы пратэстаў прымяншаюцца, а вінаватымі ў пратэстах называюцца краіны, якія ўвялі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня санкцыі і не прызналі яго легітымным кіраўніком Беларусі.

Тэлеграм-канал Агенцтва тэленавінаў (АТН) вінаваціць Захад у арганізацыі і падтрымцы пратэстаў:

«У Казахстане паўтараюцца падзеі Беларусі, калі на вуліцах былі ўчынены масавыя беспарадкі ЗША, Літвой, Эўразьвязам і Польшчай, якія суправаджаліся жорсткім гвалтам у адносінах праваахоўнікаў. Пазьней Захад хлусьліва назваў пратэсты „мірнымі“ з прычыны ўдзелу ў арганізацыі беспарадкаў».

Кіраўнік аддзелу сацыялёгіі Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі Мікалай Шчокін сказаў на дзяржаўнай тэлевізіі, што пра магчымы сцэнар рэвалюцыі нядаўна папярэджваў Лукашэнка на саміце СНД.

«Тое, што адбываецца ў Казахстане,— пасьлядоўная палітыка ЗША ў падрыве рэгіянальнай стабільнасьці і ўдушэньня СНД».

Таксама Шчокін дадаў, што «беларускі народ з трывогай і надзеяй успрымае тое, што адбываецца».

Яшчэ адзін праўладны дзеяч, палітоляг Аляксей Дзерман, таксама вінаваціць у падзеях у Казахстане Злучаныя Штаты, якія тым самым нібыта «дастаюць козыры» напярэдадні перамоваў з Расеяй.

Аўтарка «Советской Белоруссии» Анастасія Цалюк бачыць ролю Захаду ў стымуляваньні выхаду людзей на вуліцы гарадоў.

«Ня бачачы бервяна ва ўласным воку, заходнія мэдыя і тэлеграм-каналы ўбачылі пясчынку ў воку казахстанскім. Стыхійныя мітынгі, якія прайшлі ў гэтай краіне супраць павышэньня цэнаў на звадкаваны газ, прывялі да таго, што апазыцыйныя і экстрэмісцкія тэлеграм-каналы дружна пачалі публікаваць у сябе шматлікія відэа з камэнтарамі аб тым, што сілавікі ў дачыненьні „мірных пратэстоўцаў“ ужываюць сілу. Дайшло да таго, што казахстанскіх сілавікоў абвінавацілі ў затрыманьні немаўляці ў вазку».

Цалюк праводзіць паралелі з пратэстамі ў Беларусі.

«Гэткае дэжавю: па сутнасьці, Казахстан 4 студзеня 2022 году — гэта 17 жніўня 2020-га ў Менску. Тады экстрэмісты пісалі і паказвалі тое ж самае. Ну хіба што назвы прадпрыемстваў і гарадоў былі іншымі. Складваецца ўражаньне, што нехта ў Казахстане вырашыў за адзін дзень рэалізаваць усе тэхналёгіі і лёзунгі, якія выкарыстоўвалі ў Беларусі ў 2020-м. Ня зьдзівіць, калі ў хуткім часе пачуем выцьцё тэлеграм-каналаў аб тым, як ім шкада пацярпелых на вуліцах. Але неяк ня верыцца ў шчырасьць гэтых сьлёз. Калі сапраўды шкада людзей, ня клічце іх на вуліцы».

Аўтар СТБ Рыгор Азаронак у сваёй праграме «Тайныя спружыны палітыкі 2.0» назваў свой чарговы выпуск «самым сур’ёзным за 1,5 года». Ён прывёў шмат паралеляў зь Беларусьсю і назваў казаскіх сілавікоў «воінамі сьвятла» ды заклікаў іх «душыць гэтую цьвіль».

Яўген Казлоўскі са скандальна вядомай карыкатурамі на каталіцкіх сьвятароў з выкарыстаньнем свастыкі «Мінскай праўды» лічыць размах пратэстаў у Казахстане слабасьцю кіроўных колаў.

«У Казахстане існуе велізарнае расслаеньне паміж заможнымі і беднымі, дзе апошніх ня так мала і ім ёсьць чым націснуць на балючае, — што і адбылося. Казахстан не Беларусь, і ў казахаў хапае сьцярвятнікаў унутры ўлады, якія нацэлены памяняць правілы гульні ў краіне і адкрыта падставіць дзейную ўладу».

Пры гэтым Казлоўскі піша, што раней Беларусь гуляла з Захадам. У Казахстане, на яго думку, сытуацыя больш складаная.

«Як некалі Беларусь, Казахстан падлашчваецца да Захаду ў пляне дэмакратычных структур, якія вучаць нас дэмакратыі, ды і ўвогуле, як правільна жыць на гэтай зямлі. Толькі вось беларусы гэта перарасьлі, а ў казахаў маштабы заходняй прысутнасьці ў разы вышэйшыя, чым было крыху раней у нас. І праполка тамака маецца быць сур’ёзная, калі да гэтага дойдзе, вядома. Асабліва важна там сябе адчувае „Фонд Сорас — Казахстан“. З 1995 па 2013 год больш за 2000 студэнтаў Казахстану прайшлі навучаньне за мяжой толькі па лініі Фонду Сораса. У цэлым на сёньня ў Казахстане зарэгістравана 22 000 НДА».

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на газ.
  • Першапачатковае патрабаваньне пратэстоўцаў — зьнізіць цану на газ.
  • Увечары 4 студзеня пратэсты сталі масавымі, перайшлі ў бойкі з паліцыяй.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ў сталіцы краіны Нур-Султане, горадзе Жанаэзене, а таксама некалькі абласцях да 19 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG