Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы, блізкія да Крамля і расейскай вайсковай выведкі. Паводле іх дадзеных, у Клюшына ёсьць інфармацыя пра ўзлом сэрвэраў Дэмакратычнай партыі групай хакераў з ГРУ.
Агенцтва піша, што паўтара года таму Клюшын атрымаў ад прэзыдэнта Расеі ордэн Пашаны, і публікуе фатаграфію ўзнагароды, якая, як сьцьвярджаецца, знаходзіцца ў матэрыялах амэрыканскага суду ў Масачусэтсе. Акрамя таго, апублікавана фатакопія пропуску Клюшына ў Міністэрства абароны Расеі.
Суразмоўцы Bloomberg таксама сьцьвярджаюць, што ў расейца ёсьць доступ да важных сакрэтных апэрацый ГРУ за мяжой. Калі Клюшын вырашыць супрацоўнічаць са сьледзтвам, то ён можа стаць каштоўнай крыніцай інфармацыі для Вашынгтону, лічаць крыніцы.
Вашынгтон і Масква публікацыю не камэнтавалі.
Адвакат бізнэсмэна паведаміў, што яму не вядома пра дакумэнты, да якіх можа мець доступ ягоны падабаронны. Юрыст заявіў, што ЗША шукалі Клюшына, бо падазравалі, што ў яго ёсьць дадзеныя пра ўмяшаньне ў выбары, каб пазьбегнуць працяглага турэмнага тэрміну за інсайдэрскі гандаль. Паводле словаў адваката, Клюшын абвяргае ўсе абвінавачаньні.
Клюшын — уладальнік сыстэмы маніторынгу блогаў і СМІ «Кацюша», якой карыстаюцца Адміністрацыя прэзыдэнта Расеі і Міністэрства абароны. Расейца арыштавалі ў сакавіку ў швайцарскім кантоне Вале. У красавіку выдаць яго папрасіў амэрыканскі кансулят ў Бэрне.
Акрамя Клюшына, абвінавачанымі па справе праходзяць яшчэ чацьвёра расейцаў. Аднаго зь іх — Івана Ермакова — Мінфін ЗША называе былым супрацоўнікам ГРУ. У 2018 годзе яго абвінавацілі ў датычнасьці да ўмяшаньня ў выбары ў Злучаных Штатах.