«Мы рашэньне ўхвалілі, і яно будзе апублікаванае. Вядома, урад трымае на кантролі такія рэчы. Мы падоўжылі яшчэ на год, і 180 дзён — на год», — паведаміў прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль 29 сьнежня на пасяджэньні ўраду.
Да 2020 году грамадзяне Беларусі, як і іншыя іншаземцы, мелі права знаходзіцца ва Ўкраіне без рэгістрацыі цягам 90 дзён за паўгода. Украінскі ўрад у 2020 годзе зрабіў выключэньне для беларусаў, якія пачалі ўцякаць ва Ўкраіну ад палітычнага перасьледу пасьля удзелу ў акцыях пратэсту. Перш плянавалася, што норма будзе дзейнічаць да канца 2021 году.
У той жа час кіраўнік ураду не патлумачыў, як гэтую пастанову будуць рэалізаваць, бо шмат беларусаў ужо знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны без рэгістрацыі больш як 365 дзён.
Раней праваабаронцы прапаноўвалі ўраду ўвогуле зьняць для беларусаў часовыя абмежаваньні на знаходжаньне ва Ўкраіне без рэгістрацыі.
Ва Ўкраіне дзейнічае даволі складанае міграцыйнае заканадаўства, якое абмяжоўвае магчымасьці атрымаць дазвол на часовае ці сталае жыхарства. Адпаведныя выключэньні ўрад зрабіў толькі для прадстаўнікоў ІТ-сэктару.
Міністэрства ўнутраных спраў Украіны пазьней паведаміла, што ўрад падоўжыў яшчэ на год і тэрмін дзеяньня пастановы аб спрошчаным парадку атрыманьня віду на жыхарства для грамадзян Беларусі, іміграцыя якіх адпавядае эканамічным інтарэсам Украіны.