«Наколькі далёка зойдуць беларускія ўлады ў перасьледзе журналістаў? Арыштаванаму ў Менску журналісту беларускай службы радыё „Свабода“ Алегу Грузьдзіловічу, у дом якога ўварваліся людзі ў масках, пагражае да чатырох гадоў турмы. Грузьдзіловіча абвінавачваюць у „экстрэмізьме“, а „Свабода“ абвешчаная Міністэрствам унутраных справаў экстрэмісцкім фармаваньнем», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.
«Рэпартэры бяз межаў» патрабуюць неадкладнага вызваленьня журналіста і асуджаюць «варварскія мэтады, якія выкарыстоўваюцца ўладамі, і перасьлед гэтага СМІ».
Пасьля затрыманьня Груздзіловіча сьледчы паведаміў жонцы журналіста, што таго перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, ён праходзіць па справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў, абрана мера стрыманьня ў выглядзе арышту.
Перасьлед журналістаў Свабоды
25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах затрымалі журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Абвінавачаньні выставілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. У канцы чэрвеня 2020 году яго прызналі палітвязьнем.
14 сьнежня 2021 году Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму.
Летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўсіх журналістаў Радыё Свабода, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.
16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іны Студзінскай, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.
Іх затрымалі і пакаралі арыштамі на 10 дзён. Нікому з затрыманых ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.
25 лістапада затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, у яго кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы. Пры гэтым сілавікі на некалькі хвілін атрымалі доступ да тэлеграм-каналу Радыё Свабода. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 соднямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу, паводле якога артыкула — невядома.
16 ліпеня ў менскім офісе і ў супрацоўнікаў Радыё Свабода прайшлі ператрусы. Былі затрыманыя журналісты Грузьдзіловіч, Алесь Дашчыснкі і Інэса Студзінская. Праз 10 дзён іх вызвалілі. Іх прызналі падазраванымі па крымінальнай справе па арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
3 сьнежня суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў матэрыялы сацсетак і тэлеграм-канала Радыё Свабода экстрэмісцкімі. Гэта адбылося на наступны дзень пасьля таго, як ЗША пашырылі санкцыі ў дачыненьні да беларускіх юрыдычных і фізычных асоб. 23 сьнежня МУС Беларусі прылічыла Радыё Свабода да «экстрэмісцкіх фармаваньняў».
На 26 сьнежня ў няволі знаходзяцца 32 беларускія журналісты.