Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША пры АБСЭ — Расеі: «У выпадку ўварваньня ва Ўкраіну наступствы будуць беспрэцэдэнтнымі»


Майкл Карпэнтэр
Майкл Карпэнтэр

Вашынгтон і яго саюзьнікі не застануцца ў баку ў выпадку ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны, заявіў у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» пасол ЗША пры Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) Майкл Карпэнтэр.

«Адказ будзе ўсеабдымным. Вядома, будуць эканамічныя захады, але я ўпэўнены, што будуць і палітычныя, і дыпляматычныя, а магчыма, і вайсковыя наступствы», — сказаў дыплямат.

«Усе саюзьнікі падзяляюць нашы асьцярогі. Мы хочам даць зразумець Маскве, што ў выпадку ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны наступствы будуць беспрэцэдэнтнымі», — адзначыў Карпэнтэр.

У бясьпецы Эўропы ўзьнікла «фундамэнтальная расколіна», працягнуў дыплямат: «Ідзецца аб парушэньне асноўных нормаў, на якіх стаіць міжнародны парадак, — незалежнасьці дзяржаваў, непарушнасьці межаў».

Таксама Майкл Карпэнтэр заявіў, што няма «ніякага пляну і ніякіх намераў разьмяшчаць ядзерную зброю на ўсходнім флянгу NATO». Раней аб такой магчымасьці гаварыў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. Аляксандр Лукашэнка, у сваю чаргу, прапанаваў Расеі разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, калі NATO пойдзе на аналягічны крок у Польшчы.

«Мы зацікаўленыя, я спадзяюся, што і нашыя расейскія калегі таксама, у стратэгічнай стабільнасьці паміж ЗША і Расеяй, насамрэч гэта ў інтарэсах усяго сьвету, — падкрэсьліў Карпэнтэр. — Менавіта таму новая адміністрацыя ЗША была зацікаўлена ў новым дагаворы СНУ-3 (аб мерах па далейшым скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў. — НВ)».

«Гэта вельмі важная тэма, мы працягнем трымацца дамоўленасьцяў аб кантролі ўзбраеньня з Расеяй і патэнцыйна зь іншымі краінамі, але, калі ласка, не рабіце памылкі, ніхто не пагражае ўжываньнем ядзернай зброі, прынамсі, з боку NATO», — заклікаў Карпэнтэр.

  • У лістападзе 2021 году дасьледнікі з Conflict Intelligence Team зафіксавалі канцэнтрацыю расейскіх войскаў каля межаў Украіны, у прыватнасьці, перакід новай тэхнікі ў Варонескай вобласьці, а таксама перамяшчэньне эшалёнаў з Стаўрапольля ў бок Крыму.
  • У Крамлі паведамленьні аб рыхтаваньні да ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне назвалі «пустым, беспадстаўным нагнятаньнем напружанасьці». 17 сьнежня МЗС Расеі апублікавала «праекты пагадненьняў» з NATO і ЗША аб узаемных гарантыях бясьпекі. У іх Расея выстаўляе як варунак адмову ад далейшага пашырэньня вайсковага альянсу на ўсход.
  • Адначасова ў Пэнтагоне заявілі аб «значных» сілах расейскіх вайскоўцаў каля межаў Украіны. У Белым доме лічаць, што Ўладзімір Пуцін яшчэ не прыняў рашэньня аб уварваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG