Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы, як тры капейкі». 6 скандальных выказваньняў гомельскага праваслаўнага сьвятара ў Маскве


Архімандрыт, публіцыст і пісьменьнік Сава Мажука
Архімандрыт, публіцыст і пісьменьнік Сава Мажука

Архімандрыт, публіцыст і пісьменьнік Сава Мажука з Гомля правёў у адным з маскоўскіх праваслаўных храмаў прэзэнтацыю сваёй кнігі. Ён выказаўся пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, пакпіў зь беларусаў ды іхнае мовы, параіў ганарыцца, калі чалавека пабіў АМАП.

Свабода сабрала выказваньні сьвятара Беларускай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату).

1. «Пайшлі галасаваць нават тыя, хто не пераносіць Лукашэнку. Напрыклад, мая маці і я»

«Я чалавек гранічна непалітычны. З самай раньняй вясны пачалася выбарчая кампанія, якую агрэсіўным чынам пачала праводзіць так званая апазыцыя. Кажу „так званая“, бо гэта ніякая не апазыцыя!

Пачалася такая агрэсіўная кампанія, што нават людзі апалітычныя — а беларусы, ведаеце, такі народ, спакойныя такія, як тры капейкі: „Што там — мэтэарыт упаў? А-а. Дык трэба пайсьці і патушыць яго. Вася там жыве, ён і патушыць. Ну гарыць, ну ідзі, паглядзі ты“. (Заўвага РС: гэта сьвятар прамаўляў, выкрыўляючы беларускую мову).

Ну такі ў нас рытм жыцьця, вельмі просты, марудны, у беларусаў. Калі пачаўся вясной проста абстрэл вушэй абываталя дзікімі ролікамі — „вось у нас гомельскі лідэр Ціханоўскі!“ — гэта проста нейкае вар’яцтва! Ён, натуральна, быў вядомы да гэтага. Але тое, што ён пачаў вырабляць у 2020 годзе!.. Гэта чалавек, які прэтэндаваў на ролю прэзыдэнта Беларусі. Гэта проста катастрофа!

Гэта такі напал агрэсіі, які ў тым ліку спалохаў непалітычных беларусаў, якія ў жыцьці наагул не галасавалі. І ўяўляеце: я не галасаваў ніколі, я ўзяў за рукі маму сваю (за тату я спакойны: ён у мяне стары камуніст, ён ведае, за каго галасаваць), і мы зь ёй пайшлі галасаваць за Лукашэнку. І разам з намі вялікая колькасьць маіх знаёмых. Пайшлі галасаваць за Лукашэнку тыя людзі, якія ў жыцьці не галасавалі і не пераносяць Лукашэнкі. Напрыклад, як мая мама ці я. Мы пайшлі за яго галасаваць, бо рэальна былі напалоханыя пэрспэктывай, якая нам пагражала тады».

2. «Прыпіскі былі! А ў некаторых месцах іх не было».

«Калі мне кажуць „там былі прыпіскі“... Былі прыпіскі, былі! А ў некаторых месцах іх не было. Бо ў мяне ёсьць сябры ў розных месцах, я спэцыяльна пытаўся. Адзін чалавек мне нават прызнаўся — пазьней, празь некалькі месяцаў: «Айцец Сава, прабачце, я збаяўся, я прыпісаў». Я спытаў: «Вас нехта прасіў, вам пагражалі?». Ён: «Не, мне хацелася выслужыцца перад начальствам». Ніхто не прымушаў гэтага рабіць! На ўсіх месцах ёсьць паслужлівыя ідыёты. Мая прыяцелька, якая кіраўніца выбарчай кампаніі ў сваім раёне была, яна мне шчыра прызналася, яна хрысьціянка, яна ня будзе хлусіць: «Мы нічога не прыпісвалі».

3. Аб пратэстах: «У Гомлі гэта адбывалася крыху камічна»

«Калі пачаліся сутыкненьні пасьля выбараў, я асабіста гэта назіраў. У мяне такое правіла — я хаджу па горадзе пешкі па дзьве гадзіны, і так атрымалася, што гэта на маім маршруце. Я гэта сузіраў усё. У Гомлі гэта адбывалася камічна. (Заўвага РС: за 9–12 жніўня ў Гомлі і вобласьці былі затрыманыя, паводле зьвестак МУС, 1200 чалавек. Многіх пабілі, 26-гадовы Аляксандар Віхор памёр пасьля затрыманьня).

Народ у нас спакойны. Усе чакалі, хто на каго нападзе. Вельмі хацелі расстроіцца. Ну нешта ня моцна атрымлівалася. На другі дзень пасьля выбараў у нас у Гомлі актывісты вырашылі захапіць будынак КДБ (Заўвага РС: ані СМІ, ані міліцыя, пракуратура і СК не фіксавалі ў Гомлі спробаў захопу будынку КДБ).

Ён недалёка ад нашага храма. Так што, калі наш ўладыка Арыстарх сказаў неяк гнеўную казань, да яго адразу прыбеглі з Камітэту праз масток, да канца казані — яны слухаюць усё! І яны пайшлі захопліваць будынак КДБ. Я пытаюся ў гэтых хлопцаў, ну ня ў гэтых, а зь іхнай кампаніі — навошта вам будынак КДБ? Ён жа вялікі, з калёнамі, што вы зь ім зьбіраліся рабіць? Праўда, іх хутка адціснулі. Яны перадумалі».

4. «Тысячы людзей, якія наагул нікуды не выходзілі — вось яны пацярпелы бок»

«Я ў гэта аніяк не хацеў ўлазіць. Бо ў мяне з гэтага боку сябры і з гэнага боку сябры. Я іду па вуліцы, а ў нас каля цырку пікет разгарнулі апазыцыянэры, чакаюць сутыкненьняў якіх-небудзь, і мяне ўбачылі мае сябры: „О, бацюшка, давайце з намі!“ Не — мне толькі вуліцу перайсьці. І стаяць іншыя мае прыхаджане-сябры, з партрэтам Лукашэнкі і сьцягамі нацыянальнымі. І тут мае прыхаджане, і тут. Мне быць з кім? На чыім баку? Я маўчаў, я заклікаў да міру.

Але апошняя кропля ў мяне была, калі я ішоў дадому. Каля манастыра спыніла былая студэнтка, схапіла за руку і пачала галасіць. Я страшна спалохаўся і стаў яе супакойваць. Яна жыве ў цэнтры, нашы апазыцыянэры днём і ноччу там хадзілі, крычалі, дудзелі. Страшна вельмі буянілі. Яна мне кажа: „Я ня ведаю, як мне жыць, людзей пабілі, на Акрэсьціна нейкія крыкі, тут яшчэ нешта“ — яе проста трасе! Тысячы людзей, якія наагул нікуды не выходзілі — вось яны пацярпелы бок! Пра іх чамусьці наагул ніхто ня ўспомніў. Вось тыя крычалі на Акрэсьціна — а гэтыя ня плакалі? А колькі ў мяне знаёмых мам, якія хадзілі за сваімі дзецьмі на гэтыя майданы, бо падлеткам хацелася забаваў; ім усё роўна дзе буяніць, а мамы ў жаху былі: „Я не магу яго спыніць! Але хоць грудзьмі абараню ад АМАП!“

Гэта ўся краіна звар’яцела. Але большая частка ў гэтым ня ўдзельнічала.

Плюс інтэрнэт, тэлеграм-каналы. Што мяне зьдзівіла — здымак дзіцячага садку і подпіс: „Тут гэтая жывёліна штодзень у 17:00 забірае сваё дзіця, давайце яе сустрэнем“. Гэта гаворка пра жонку амапаўца і яго дзіця! Расправы былі! У Горадні спалілі дом міліцыянта, машыну спалілі, былі напады на жонак міліцыянтаў і дзяцей» (РС не валодае інфармацыяй пра спалены дом у Горадні і напады на жонак і дзяцей міліцыянтаў).

З другога боку была агрэсія, я яе не апраўдваю, але гаворка ішла проста пра існаваньне дзяржавы. Я думаў ужо, шчыра, што Беларусь накрылася — і ўсе так думалі. І нам пісалі адкрыта: «Маскалі, вы хутка адсюль паваліце, тут будзе аўтакефальная царква».

5. «Хлопцы з АМАП ішлі рабіць сваю працу і вярнуліся зь пераламаным хрыбтом ці разьбітай галавой»

«З аднаго боку мае студэнты з БЧБ-сьцягам ідуць, кідаюць „кактэйль Молатава“, абураныя, часам справядліва абураныя. З другога боку — мае студэнты, якія паступілі, некалькі хлапчукоў вучацца ў Акадэміі, іх усіх мабілізавалі, не хапала людзей. Ён мне потым расказваў: „У мяне трэсьліся ногі!“. Хлопец толькі школу скончыў, яго запхалі ў гэтае абмундзіраваньне. І яму ў твар крычаць, як яго ненавідзяць. Хто-небудзь пра гэтага хлопца падумаў? І, між іншым, пацярпелыя з гэтага боку — АМАП, хлопцы, якія прыйшлі проста выконваць сваю працу і вярнуліся дадому зь пераламаным хрыбтом або разьбітай галавой. Ну гэта факты. З другога боку — мае хлопцы, студэнты, вернікі, якія таксама здурнелі і кідаюцца на гэтых. Мне каго шкадаваць?»

6. «Цябе пабілі? Дык ганарыся гэтым!»

«Адна з маіх слабасьцяў — біяграфіі рэвалюцыянэраў. Я вельмі люблю Фігнер, Марозава, Жалябава, Пяроўскую. Нават пазьнейшыя рэвалюцыянэры, той жа Дзяржынскі, — яны выклікаюць у мяне глыбокую павагу. Так, яны былі злачынцы і забойцы, яны гэта разумелі, вось Дзяржынскі гэта выдатна разумеў, гэта найвысакароднейшы быў чалавек! Пры ўсім пры тым, што тварыў жудасныя рэчы. Але яны дзеля ідэі гэта рабілі, а не дзеля сытага бруха.

Ты вось крычыш: «Мяне пабілі!» — ды ты мусіш ганарыцца, што цябе пабілі! Ты кажаш, што цябе звольнілі з працы. Ды ты павінен ганарыцца, што цябе звольнілі з працы! Ты кажаш: «Мне сіняк паставілі!». А што ты хацеў? Ты каму кінуў выклік? Дзяржаўнай машыне ты кінуў выклік. Вы ня плачце, не крычыце: «Нам не далі ўлады!», ах, Божа мой, вы што — зусім з дуба паваліліся? Калі вы яе не змаглі ўзяць, як вы потым яе ўтрымаеце?

Я проста добра памятаю сваё юнацтва ў 80–90-х, росквіт рэкету. Як у нас у Гомлі гэта было — дагэтуль адкопваюць трупы з бэтоннымі блёкамі на нагах, перастрэлкі на вуліцы з кулямётамі — звычайная рэч для Гомля 90-х (РС не валодае інфармацыяй пра перастрэлкі з кулямётамі ў Гомлі і пра трупы з бэтоннымі блёкамі, якія цяпер адкопваюць).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG