Пра гэта піша DW.
Для краін Эўразьвязу «надышоў момант праявіць цьвёрдасьць і адзінства», каб супрацьстаяць спробам Расеі дэстабілізаваць Украіну, заявіў у сваім блогу ў нядзелю, 19 сьнежня, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у галіне замежнай палітыкі і бясьпекі Жузэп Бурэль.
«Мы ведаем, што адных толькі слоў і заяў недастаткова, каб зьмяніць разьлікі расейскага кіраўніцтва», якое сьцягвае войскі да межаў Украіны, напісаў кіраўнік дыпляматыі ЭЗ. Таму, лічыць ён, так важна, што эўрапейскія лідэры вырашылі прадоўжыць існуючыя эканамічныя санкцыі і «папярэдзілі Расею аб сур’ёзных наступствах у выпадку любых дзеяньняў супраць Украіны».
«Расея выкарыстоўвае энэргарэсурсы як палітычны інструмэнт»
Крызіс каля межаў Украіны разгортваецца на фоне надзвычай высокіх цэн на энэрганосьбіты, піша Барэль: толькі ў сьнежні цэны на газ вырасьлі на 40%, а ў параўнаньні зь летам рост склаў 300%.
Паводле ацэнкі дыплямата, Масква выкарыстоўвае энэргарэсурсы як інструмэнт палітычнага ўплыву, як, напрыклад, гэта адбылося ў Малдове. «І хаця, строга кажучы, Расея выконвае свае абавязаньні ў справе паставак газу, многія бачаць у яе адмове павялічваць аб’ёмы экспарту ў Эўропу або папаўняць запасы падземных газавых сховішчаў, якія належаць «Газпраму», спосаб ціску на ЭЗ. Перш за ўсё — для атрыманьня ліцэнзіі на запуск газаправоду «Паўночны паток – 2», — напісаў Бурэль.
Ён дадаў, што Эўрапейская камісія ня лічыць гэты праект прыярытэтным. Паводле яго, трубаправод далей «застаецца пытаньнем для абмеркаваньня» і «ў любым выпадку павінен будзе адпавядаць патрабаваньням эўрапейскіх нарматыўных актаў».
«Трэба спадзявацца на лепшае, але рыхтавацца да горшага»
Пішучы аб росьце напружаньня каля межаў Украіны, дыплямат адзначыў, што канчатковыя намеры Масквы адносна Кіева няясныя, «за выключэньнем таго, што яна пагражае Ўкраіне і імкнецца аслабіць яе». «Магчымыя розныя сцэнары... Нам трэба спадзявацца на лепшае і рыхтавацца да горшага», — падкрэсьліў Бурэль.
Ён таксама згадаў пра сьпіс патрабаваньняў МЗС РФ да ЗША і NATO пра «гарантыі бясьпекі». Эўразьвяз павінен удзельнічаць у такіх дыскусіях, зазначыў Бурэль, указаўшы на тое, што ключавыя прынцыпы эўрапейскай палітыкі бясьпекі выкладзеныя ў Хэльсынскім Заключным акце і Парыскай хартыі: «АБСЭ прапануе мэханізмы і правілы, якія застаюцца нарожнымі камянямі любога ўзаемадзеяньня з Расеяй».
«Эўропа ў небясьпецы»
Напружаньне ў адносінах з Расеяй, а таксама «жорсткі, рэпрэсіўны і незаконны характар рэжыму Аляксандра Лукашэнкі» ў Беларусі, на думку Бурэля, дакладна дэманструюць, зь якімі пагрозамі сутыкаецца Эўропа. Сярод іх — «гібрыдная тактыка, сілавая палітыка, запалохваньне і дэзынфармацыя». «На карту пастаўлены ня толькі лёс асобных краін і грамадзтваў, — падкрэсьлівае дыплямат, — але і больш агульныя прынцыпы, якія ляжаць у аснове эўрапейскай структуры бясьпекі».
На гэтым фоне, лічыць Бурэль, Эўразьвязу «вельмі неабходна нарошчваць патэнцыял у сфэры бясьпекі». У студзені Бурэль мае намер прадставіць кіраўнікам МЗС і Мінабароны ЭЗ абноўленую вэрсію канцэпцыі эўрапейскай бясьпекі «Стратэгічны компас». Першы радок у прадмове да гэтага дакумэнта абвяшчае: «Эўропа ў небясьпецы». У «Стратэгічны компас», у прыватнасьці, увойдуць рэкамэндацыі для эўрапейскіх краін, якія датычацца крызіснага кіраваньня і разьвіцьця абароннага патэнцыялу.