Удзельнікі акцыі зь лёзунгам «Вольныя людзі, свабодныя СМІ» заклікалі прэзыдэнта Анджэя Дуду накласьці вэта на дакумэнт. Сярод пратэстоўцаў былі лідэр найбуйнейшай апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа», былы прэм’ер-міністар Дональд Туск, былая кандыдатка ў прэзыдэнты ад Грамадзянскай кааліцыі Малгажата Кідава-Блоньска і іншыя. Салідарнасьць з мэдыя, што апынуліся пад пагрозай, выказаў шэраг іншых польскіх СМІ.
Удзельнікі лічаць, што прапанаваны закон зьяўляецца самым сур’ёзным ударам па свабодзе слова ў Польшчы з 1989 году.
«Кіроўная партыя і яе слугі хочуць закрыць незалежныя СМІ, бо разумеюць, што іх самы небясьпечны праціўнік — праўда. Так пачалося кіраваньне Ўладзіміра Пуціна ў Расеі. НТВ, які крытыкаваў урад, быў куплены дзяржаўным „Газпромам“ у 2001 годзе. Мы ня згодныя з тым, што Польшча пайшла па тым жа шляху, што Расея і Вугоршчына. Мы патрабуем эканамічнай свабоды незалежных СМІ», — гаворыцца ў заяве.
Законапраект, які прыняў парлямэнт Польшчы 17 сьнежня, зробіць больш жорсткімі правілы замежнай уласнасьці на СМІ і прымусіць амэрыканскую мэдыякампанію Discovery Inc. прадаць кантрольны пакет акцый TVN, найбуйнейшай у Польшчы тэлевізійнай сеткі, якая публікуе крытычныя матэрыялы аб правым урадзе краіны. Ранейшыя маніфэстацыі ў падтрымку TVN не паўплывалі на намер уладаў правесьці такі закон. Узьнікненьне законапраекту і намер кіроўнай партыі ПіС яго зацьвердзіць пагоршылі адносіны Польшчы з ЗША.