3 месяцы арышту берасьцейцу, які ў бары аблаяў Лукашэнку
Суд Ленінскага раёну Берасьця агучыў вырак у справе Васіля Панасюка, якога абвінавачвалі ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі.
Як інфармуюць праваабаронцы, сёлета 10 чэрвеня мужчына ў адным з бараў замовіў піва, але плаціць за яго адмовіўся. Пачалася спрэчка з бармэнам, падчас якой наведнік стаў гучна абурацца — на словах дасталася і супрацоўнікам бара, і дзяржаўнай уладзе, і пэрсанальна Лукашэнку.
Усё адбывалася на вачах студэнта, які выклікаў міліцыю і стаў галоўным сьведкам у справе. Падчас судовага пасяджэньня высьветлілася, што хлопец запісаў усё на аўдыё.
Фігурант на судзе патлумачыў, што ў яго калісьці была мазгавая траўма, таму здараюцца правалы ў памяці і тых падзеяў ён практычна ня памятае.
Судзьдзя Сьвятаслаў Каліна прызнаў Васіля Панасюка вінаватым у злачынстве паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта) і прысудзіў 3 месяцы арышту.
КДБ праводзіць ператрусы ў дэлегатаў «Сходу»
Вядома пра вобшукі сама меней у пяці дэлегатаў, яшчэ трое не выходзяць на сувязь. Пра гэта паведамляе «Медиазона» са спасылкай на кіраўніцу прэс-службы «Сходу» Ганну Краўчанку.
Онлайн-ініцыятыва «Сход: плятформа народных прадстаўнікоў» паўстала ў адказ на намер уладаў склікаць 11–12 лютага «Ўсебеларускі народны сход». Яе сутнасьць палягала ў тым, каб грамадзяне Беларусі дзеля абароны сваіх інтарэсаў маглі выбраць прадстаўнікоў, якія на мясцовым узроўні будуць весьці дыялёг з уладамі. Учора сілавікі прызналі «Сход» «экстрэмісцкім фармаваньнем».
З КДБ прыйшлі да прафэсаркі фізычнага факультэту БДУ, доктара фізыка-матэматычных навук, сябра Каардынацыйнай рады Натальлі Абрашынай-Жадаевай. Пра гэта яна сама паведаміла сёньня на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Пакараньне за рэпост з парталу, які яшчэ ня быў прызнаны «экстрэмісцкім»
Супрацоўніка «Нафтану» арыштавалі за рэпост у 2016 годзе з парталу Тut.by перадвыбарнай праграмы Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах-2010.
Як стала вядома праваабаронцам, 33-гадовага Андрэя Апету затрымалі проста на заводзкай прахадной. Яго даставілі ў мясцовы ГАУС, дзе склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Справу 16 сьнежня разглядала судзьдзя гораду Наваполацку Зінаіда Балаболава. Згодна з пратаколам, Андрэй Апет «14 студзеня 2016 году на сваёй старонцы „ЎКантакце“ разьмясьціў інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пры гэтым у пратаколе нават не запісалі назву так званага «экстрэмісцкага матэрыялу». Віны работнік «Нафтану» не прызнаў.
Мужчына сьцьвярджае, што не рабіў рэпосту, а толькі скапіяваў тэкст, дзе ў канцы была спасылка на матэрыял. Таксама адзначыў, што пасьля прызнаньня парталу Тut.by «экстрэмісцкім» адразу выдаліў усе рэпосты, а на гэты не зьвярнуў увагі.
Нягледзячы на гэта, судзьдзя Зінаіда Балаболава арыштавала яго на 15 сутак.
Арт-мэнэджару Багданаву і сцэнографу Круку далі па 3 гады «хіміі»
Палітвязьняў арт-мэнэджара і дыджэя Аляксандра Багданава і сцэнографа Максіма Крука асудзілі на 3 гады «хіміі» кожнага.
Такі прысуд вынесла 17 сьнежня судзьдзя Ленінскага раёну Менску Марына Клімчук.
Багданава і Крука затрымалі 2 верасьня паводле крымінальнага артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).