Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Растове раскрыў інфармацыю аб пастаўках харчаваньня расейскім вайскоўцам на Данбасе


Расейскі ракетны комплекс «Панцыр-С1» у жылым раёне гораду Шахтарск, акупаваная тэрыторыя Данецкай вобласьці Ўкраіны, архіўнае фота
Расейскі ракетны комплекс «Панцыр-С1» у жылым раёне гораду Шахтарск, акупаваная тэрыторыя Данецкай вобласьці Ўкраіны, архіўнае фота

Паводле прысуду раённага суду Растова-на-Доне, разьмешчаныя на пазыцыях баевікоў расейскія вайскоўцы кожныя два тыдні адпраўлялі з Растоўскай вобласьці 1300 тон прадуктаў харчаваньня. Масква заўсёды адмаўляла прысутнасьць сваіх вайскоўцаў на ўсходзе Ўкраіны.

Суд у Расеі раскрыў інфармацыю аб пастаўках харчаваньня расейскім вайскоўцам, якія знаходзяцца на тэрыторыях усходу Ўкраіны, што кантралююцца расейскімі гібрыднымі сіламі. Прысуд Кіраўскага раённага суду Растова-на-Доне вынесены ў лістападзе 2021 году ў крымінальнай справе аб карупцыі, тэкст якой мае расейская рэдакцыя Радыё Свабода: мясцовага абласнога намесьніка начальніка паставак вайсковага харчаваньня прызналі вінаватым у хабарніцтве. Яго асудзілі на 5,5 года пазбаўленьня волі за перадачу ад начальніка 990 тысяч рублёў начальніку Цэнтру дзяржаўнага санітарна-эпідэміялягічнага нагляду Паўднёвай вайсковай акругі.

Паводле прысуду, працай абвінавачанага было забесьпячэньне прадуктамі харчаваньня расейскіх вайскоўцаў на ўсходзе Ўкраіны. Падпалкоўнік Паўднёвай вайсковай акругі, як настойвала абарона, патрабаваў ад свайго начальніка 90 тысяч расейскіх рублёў у месяц (звыш 3 тысяч беларускіх рублёў), каб не перашкаджаць пастаўкам. У іншым выпадку афіцэр, як гаворыцца ў прысудзе, паабяцаў сарваць пастаўкі на карысьць расейскіх вайскоўцаў, якія нясуць баявое дзяжурства ў так званых «ДНР» і «ЛНР».

У тэксьце прысуду гаворыцца, што пастаўкі адбываліся як мінімум у 2018 і 2019 гадах. Праз затрымку адпраўленьня калёны, якая адбылася на патрабаваньне санітарнага кантролю, былі пашкоджаны прадукты харчаваньня на суму каля 30 мільёнаў расейскіх рублёў (звыш 1 026 тыс беларускіх рублёў).

Абвінавачаны паведаміў, што адна паездка грузавіка да баевікоў на Данбас абышлася пастаўшчыкам у 65-80 тысяч рублёў (больш за 2700 беларускіх рублёў). Высокі кошт быў зьвязаны з рызыкай для жыцьця кіроўцаў. На мяжы яны здавалі дакумэнты і ехалі па тэрыторыі Ўкраіны «пад аховай краіны знаходжаньня». Перад ад’ездам іх правяраў расеец у званьні маёра. Падсудны настойваў на тым, што той — вайсковец, але суд палічыў, што такі чалавек ніколі не служыў у войску.

Паводле прыблізных падлікаў Радыё Свабода, 1300 тон харчаваньня ў тыдзень хапіла, каб забясьпечыць каля 26 тысяч жыхароў. Аднак з прысуду не вынікае, што пастаўкай займалася толькі адна кампанія.

Расея заўсёды адмаўляла ўдзел сваіх вайскоўцаў у баях на ўсходзе Ўкраіны, сьцьвярджаючы, што ўкраінскім войскам там супрацьстаіць «народнае апалчэньне» Данбасу, у якім грамадзяне Расеі могуць прысутнічаць толькі ў якасьці добраахвотнікаў. У той жа час некалькі журналісцкіх расьсьледаваньняў і публікацый украінскіх спэцслужбаў паказвалі на непасрэдны ўдзел расейскай арміі ў баях на ўсходзе Ўкраіны. Гаворка ішла ня толькі пра падтрымку артылерыйскіх удараў, але і пра баі паміж расейскімі вайскоўцамі і ўкраінскай арміяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG