Беларусь на асноўным пасяджэньні будзе прадстаўленая пустым крэслам з афіцыйным сьцягам.
Карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк паведамляе, што ў выніковай дэклярацыі саміту будзе прысьвечаны Беларусі абзац наступнага зьместу:
«ЭЗ шкадуе аб рашэньні беларускіх уладаў прыпыніць свой удзел ва „Ўсходнім партнэрстве“ і спадзяецца на аднаўленьне супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі, як толькі будуць створаны неабходныя ўмовы для мірнага пераходу да дэмакратыі дзеля пабудовы сумеснага парадку дня, заснаванага на агульных каштоўнасьцях і агульных інтарэсах. Між тым ЭЗ працягвае ўзаемадзеяньне і падтрымку грамадзян Беларусі, грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ. Комплексны плян эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі на суму да 3 мільярдаў эўра адлюстроўвае прыхільнасьць ЭЗ да падтрымкі дэмакратычнага выбару беларускага народу. Паўтараючы папярэднія заявы, ЭЗ асуджае інструмэнталізацыю мігрантаў і ўцекачоў беларускім уладамі».
12 сьнежня ў штаб-кватэрах Рады Эўразьвязу і Эўракамісіі ў Брусэлі адбылася сэрыя сустрэч кіраўнікоў Эўрапейскага зьвязу з дэмакратычнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай.
Кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль тады паведаміў, што Эўразьвяз выдаткаваў больш як 33 мільёны эўра на непасрэдную дапамогу беларускаму народу з жніўня 2020 году, а таксама прыняў пакет у 15 мільёнаў эўра, «які будзе дапаўняць і пашыраць бягучую дапамогу». Шэраг палітыкаў паабяцаў і далей падтрымліваць Беларусь на палітычным узроўні, згадваць палітвязьняў.
Што ў Брусэлі будзе рабіць Ціханоўская
Раней меркавалася, што Беларусь на саміце будзе прадстаўляць Сьвятлана Ціханоўская, але ў другой палове лістапада кіраніцтва Эўразьвязу адмовілася ад гэтай ідэі. Тым ня менш Ціханоўская застаецца ў Брусэлі і ў дзень правядзеньня саміту. Падчас форуму яна правядзе шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі краін Эўразьвязу: канцлерам Аўстрыі, прэм’ер-міністрамі Славеніі, Славаччыны, Люксембургу, Бэльгіі.
У тым ліку Сьвятлана Ціханоўская будзе працягваць кансультацыі з кіраўніцтвам Эўразьвязу аб удзеле Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве», паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Ціханоўскай.