Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 13 сьнежня: у Гомлі падсуднага ў перадынсультным стане пакаралі «хатняй хіміяй»


Суд у Гомлі. Архіўнае фота.
Суд у Гомлі. Архіўнае фота.

У Беларусі працягваецца ціск на людзей пасьля выбараў прэзыдэнта 2020 году, рэгулярна адбываюцца затрыманьні і ператрусы. Свабода паведамляе пра рэпрэсіі 13 сьнежня.

Абвінавачанаму з інваліднасьцю ў перадынсультным стане прысудзілі «хатнюю хімію» за адно слова

Гамельчука Аляксандра Юранава суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў вінаватым у тым, што вясной 2020 году пад фатаздымкам супрацоўніка міліцыі ў сацсетцы «Одноклассники» ён пакінуў камэнтар з аднаго слова.

Пацярпелы супрацоўнік міліцыі Войніч падаў грамадзянскі пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў. У сваёй заяве ён напісаў, што пакінуты камэнтар нанёс яму «моцныя маральныя пакуты».

Мужчыну прызналі вінаватым і прысудзілі яму 3 гады «хатняй хіміі». Кампэнсацыю маральнай шкоды міліцыянту суд пастанавіў пакрыць у поўным абʼёме — 1500 рублёў плюс 87 рублёў дзяржпошліны.

Абвінавачаньне ў публічнай абразе службовай асобы (арт. 369 КК) Аляксандру Юранаву прад’явілі сёлета ў сакавіку, піша «Вясна».

Аляксандру Юранаву 57 гадоў, у яго трэцяя непрацоўная група інваліднасьці. Мужчына даглядае амаль сьляпога 83-гадовага бацьку, ён адмовіўся ад шпіталізацыі ў сувязі зь перадынсультным станам, бо хацеў асабіста ўдзельнічаць у судовым пасяджэньні.

Падчас судовага пасяджэньня судзьдзя Яўген Шаршнёў настаяў, каб у абвінавачанага быў адвакат — першапачаткова ён зьбіраўся абараняць сябе сам. Адразу пасьля гэтага пракурор Яўген Фартушняк агучыў хадайніцтва аб працягу пасяджэньня ў выязным фармаце — у будынку РАУС Чыгуначнага раёну Гомля.

Нягледзячы на пярэчаньні абвінавачанага, суд задаволіў хадайніцтва, таму судовае пасяджэньне працягнулася ў памяшканьні раённай міліцыі. У якасьці публікі на суд выклікалі людзей, якія мелі праблемы з законам і стаяць на розных уліках.

Пакаралі штрафам за тое, што не пасьпеў устаць на пачатку гімну

Адбыўся суд над жыхаром Слоніма, які перад футбольным матчам на гарадзкім стадыёне не адразу ўстаў падчас выкананьня дзяржаўнага гімну. Суд пакараў яго за гэта штрафам — 10 базавых велічыняў (290 рублёў), паведамляе «Газета Слонімская».

Мужчыну прызналі вінаватым у незаконных дзеяньнях у адносінах да дзяржаўных сымбаляў (артыкул 24.54 КаАП).

Сам абвінавачаны на судовым паседжаньні сказаў, што перад матчам глядзеў відэа на тэлефоне і таму ўстаў не адразу з уключэньнем гімну, а прыкладна праз 15 сэкундаў. Даслухаў гімн ён стоячы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG