Адмыслоўцы амэрыканскага Інстытуту колеру Pantone (Pantone Color Institute) вызначылі галоўны колер 2022 году. Ім стала адценьне сіняга з дадаткам фіялетава-чырвонага падтону, паведамляецца ў чацьвер на сайце арганізацыі.
PANTONE 17-3938 Very Peri – новы колер Pantone, «чыя адважная прысутнасьць заахвочвае асабістую вынаходлівасьць і крэатыўнасьць», ён мае стаць «сымбалем зьменаў»: «дапамагае нам прыняць зьменлівы ляндшафт магчымасьцяў, адкрываючы нам новае бачаньне, калі мы мяняем сваё жыцьцё», - кажа Pantone.
Pantone адзначае, што працэс выбару колеру году патрабуе ўдумлівага разгляду і аналізу тэндэнцый. Каб зрабіць выбар, кожны год экспэрты Pantone у колеры з Інстытуту колеру Pantone Color Institute прачэсваюць сьвет у пошуках новых каляровых уплываў.
- Pantone Color Institute — гэта дасьледчы цэнтар кампаніі Pantone, які займаецца экспэрымэнтальнай працай з колерам і яго ўплывам на розныя галіны. «Колер году» Pantone уплывае на распрацоўку прадукцыі і рашэньні аб пакупках у розных галінах, у тым ліку моду, хатнюю мэблю і прамысловы дызайн, а таксама ўпакоўку і графічны дызайн. Інстытут вызначае галоўны колер з 2000 году. Летась арганізацыя выбрала адразу два галоўныя колеры году — глыбокі шэры Pantone 17-5104 Ultimate Gray і яркі жоўты Pantone 13-0647 Illuminating.
- Інстытут Pantone не зьяўляецца заканадаўцам модаў, што да трэндавых адценьняў. Ён толькі зьбірае штогадовыя дадзеныя і адлюстроўвае іх у сваёй справаздачы. Гэта своеасаблівы даведнік і гід па самых папулярных і важных адценьнях 2022 году. На думку многіх спэцыялістаў, ён зьяўляецца самай аўтарытэтнай, сусьветна прызнанай крыніцай інфармацыі ў пытаньнях колераў і адценьняў.