Фінансавыя ўмовы ўгоды не раскрываюцца.
«Набыццё Vochi зьяўляецца часткай нашага абавязаньня ў аказаньні дапамогі стваральнікам у прыцягненьні больш якаснага відэакантэнту ў Pinterest. Мы рады працаваць з таленавітай камандай Vochi, каб даць больш інструмэнтаў для стварэньня відэа і якаснага кантэнту нашым больш чым 400 мільёнаў „пінэраў“ па ўсім сьвеце», — сказаў кіраўнік аддзела распрацоўкі Pinterest Бін Лю.
Pinterest — сэрвіс, які дазваляе карыстальнікам зьмяшчаць выявы ў тэматычныя калекцыі і дзяліцца імі. Штомесячная аўдыторыя плятформы перавышае 400 млн чалавек.
Vochi заснавалі у 2019 годзе Ільля Лясун і інвэстыцыйная кампанія Юрыя Мельнічка і Андрэя Аўсіевіча Bulba Ventures. У менскім офісе кампаніі-рэзыдэнта Парку высокіх тэхналёгій працуе звыш 30 чалавек. Сёлета стартап прыцягнуў 2,4 млн даляраў інвэстыцый.