«Я зьбіраю найбольш поўны і значны набор ініцыятыў, каб зрабіць цяжэйшымі для спадара Пуціна далейшыя крокі і дзеяньні, якія людзі баяцца, што ён можа зрабіць», — сказаў ён журналістам.
Па словах Байдэна, ягоная адміністрацыя знаходзіцца ў «сталым кантакце» з Украінай і эўрапейскімі саюзьнікамі.
Раней 3 сьнежня міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе, заявіў, што найбольшай гатоўнасьці да эскаляцыі агрэсіі супраць Украіны Расея можа дасягнуць у канцы студзеня.
Паводле яго, бачаньне сытуацыі ўкраінскім вайсковым камандаваньнем супадае з ацэнкамі замежных партнэраў.
«Наша выведка аналізуе ўсе сцэнары, у тым ліку найгоршыя. Яна адзначае, што існуе верагоднасьць маштабнай эскаляцыі з боку Расеі. Найбольш імаверным часам для дасягненьня гатоўнасьці да эскаляцыі будзе канец студзеня. Падкрэсьліваю, што эскаляцыя — гэта імаверны сцэнар, але ён не неабавязковы, і наша задача — не дапусьціць. Чым лепш мы працуем разам з нашымі партнэрамі, тым меншая рызыка эскаляцыі. Шлях — зрабіць цану магчымай эскаляцыі непрымальнай для агрэсара», — сказаў міністар.
Ён адзначыў зацікаўленасьць Кіева ў палітычна-дыпляматычным вырашэньні канфлікту і немагчымасьць гвалтоўных правакацый з боку Узброеных сіл, дадаўшы, што «шлях пацыфікаваць агрэсара не разглядаецца, Украіна пры неабходнасьці дасьць адпор».
- Паводле Кіева, Расея трымае каля ўкраінскай мяжы больш за 100 тысяч вайскоўцаў і цяжкай тэхнікі. Гэта адбылося пасьля маштабных ваенных вучэньняў у Расеі на пачатку гэтага году, якія выклікалі асьцярогі магчымага ўварваньня.
- Расея, якая захапіла Крым у 2014 годзе і падтрымлівае гібрыдныя сілы на Данбасе, адмаўляе плянаваньне нападу і абвінавачвае Ўкраіну і яе заходніх саюзьнікаў у эскаляцыі напружанасьці.
- Захад неаднаразова заклікаў Маскву вывесьці свае сілы, пагражаючы наступствамі.