Лукашэнка 3 сьнежня сабраў нараду, Міністэрства інфармацыі «крайне абурылася», БКК заявіла, што «працягне працаваць у прававым полі».
Лукашэнка загадаў ураду заняцца санкцыямі «па-вайсковаму»
Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па сацыяльна-эканамічным разьвіцьці Беларусі 3 сьнежня заявіў, што «нягледзячы на беспрэцэдэнтны націск звонку, у краіне здолелі захаваць эканамічны рост і не дапусьціць пераносу большасьці праблем на штодзённае жыцьцё людзей».
«Вось гэта галоўная задача. Якія б ні былі санкцыі, як бы на нас ні націскалі, што б з намі ні спрабавалі зрабіць, мы павінны рабіць такія меры, каб людзі гэтых санкцый не адчулі», — заявіў Лукашэнка, якога цытуе яго прэс-служба.
Ён сказаў, што Беларусь не ўпершыню сутыкнулася з «санкцыйным націскам» — больш за тое, «у краіне да гэтага рыхтаваліся як мінімум паўгода», і ва ўрадзе існуе так званы антыкрызісны штаб.«Ды і ў цэлым урад павінен займацца гэтымі пытаньнямі прынцыпова, безь цяганіны, дакладна, па-вайсковаму», — падкрэсьліў Лукашэнка.
«Белавія» страціла палову паветраных суднаў
У заяве авіякампаніі ад 3 сьнежня адзначаецца, што ў сувязі з увядзеньнем абмежаваньняў яна вымушана скараціла парк паветраных суднаў да 15 (да нядаўняга часу ў флёце кампаніі было 29 самалётаў — іх пералік да гэтага часу прыводзіцца ў разьдзеле «Парк паветраных судоў».
Міністэрства інфармацыі «абурылася»
Міністэрства інфармацыі «крайне абурылася» ўвядзеньнем санкцый супраць кіраўнікоў дзяржаўных СМІ і «простых журналістаў».
У пашыраныя сьпісы ЗША, Эўразьвязу і Вялікай Брытаніі трапілі кіраўнік АНТ Марат Маркаў, старшыня праўладнага Беларускага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў, а таксама тэлевядоўца і журналіст Рыгор Азаронак, аўтары «СБ. Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык і Людміла Гладкая, вядоўца БТ Сяргей Гусачэнка.
«Тым самым эўрапейскія ўлады прадоўжылі і без таго дрэнна прыхаваны курс на нівэляваньне агульнапрызнаных стандартаў журналістыкі і ўкараненьне цэнзуры. Мяркуем, што падобнае зьвядзеньне рахункаў зь непажаданымі калектыўнаму Захаду СМІ сувэрэннай дзяржавы толькі падкрэсьлівае двудушную пазыцыю краінаў ЭЗ і Вялікай Брытаніі ў дачыненьні да абвешчаных імі прынцыпаў свабоды слова і выказваньня думак», — заявілі ў міністэрстве.
БКК аб санкцыях ЗША: будзем працаваць у існым прававым полі
«Беларуская калійная кампанія» (БКК, трэйдар «Беларуськалію») пасьля ўвядзеньня санкцый ЗША працягне працу ў існым прававым полі, заявіла «Інтэрфаксу» прэс-сакратарка кампаніі Ірына Саўчанка. Падрабязных камэнтароў кампанія пакуль не дае.
МЗС абяцала «жорсткія і асымэтрычныя» крокі ў адказ
2 сьнежня Міністэрства замежных спраў Беларусі заклікала заходніх палітыкаў «адумацца» і паабяцала «жорсткія і асымэтрычныя» крокі ў адказ на новыя санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам.
3 сьнежня Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з новай заявай і паабяцала «жорсткія і асымэтрычныя» крокі ў адказ на санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам, ЗША, Канадай і Вялікай Брытаніяй новага пакету санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Адзіным выйсьцем з сытуацыі, якая склалася ў адносінах з Захадам, у МЗС Беларусі лічаць "раўнапраўны дыялёг і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва«.
«Новыя незаконныя санкцыі ЗША, Канады і Вялікабрытаніі ў дачыненьні да беларускіх службовых асоб і кампаній ад 2 сьнежня 2021 года наглядна дэманструюць, да якіх межаў цынізму і двудушнасьці могуць дайсьці ваяўнічыя дэмакратызатары ў сваіх дарэмных намаганьнях паставіць на калені непажаданыя ім краіны і народы», — гаворыцца ў сёньняшняй заяве міністэрства замежных спраў Беларусі.
У ведамстве адзначылі, што ў падрыве бясьпекі і міграцыйным крызісе вінаватая не Беларусь, а заходнія дзяржавы. У МЗС прыгразілі, што на «ўсе недружалюбныя антыбеларускія крокі рушаць адэкватныя меры ў адказ».
Адзіным выйсьцем з сытуацыі, якая склалася ў адносінах з Захадам, у ведамстве лічаць — раўнапраўны дыялёг і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, да якіх беларускі афіцыйны бок нібыта «гатовы вярнуцца ў любы момант».
2 сьнежня ЗША, Эўразьвяз, Канада і Вялікая Брытанія ўвялі новыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У новым санкцыйным пакеце ЗША — 20 фізычных асобаў і 12 прадпрыемстваў і ўстановаў, а таксама тры самалёты, на якія пашыраныя санкцыі ЗША. У санкцыйным сьпісе Эўразьвязу — 17 чыноўнікаў і 11 арганізацый. Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць 8 асобаў, а таксама супраць «Беларуськалію».
Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».