Магілёўскі абласны суд накіраваў на прымусовае лекаваньне ў псыхіятрычны стацыянар з узмоцненым назіраньнем 28-гадовага мясцовага жыхара, якога абвінавачваюць у распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 2 арт. 130 КК) і акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК), паведамляе БелТА.
Паводле Вярхоўнага суду, 1 сьнежня Магілёўскі абласны суд разглядаў пытаньне аб «зьмяненьні прымусовых мераў бясьпекі і лекаваньня» ў дачыненьні да Паўла Сіпакова.
БелТА, спасылаючыся на матэрыялы справы, піша, што з красавіка 2021 году магілёвец быў нібыта «актыўным карыстальнікам» аднаго з тэлеграм-каналаў, дзе абмяркоўваліся «ідэі ўчыненьня гвалтоўных дзеяньняў» супраць сілавікоў і «актаў тэрарызму на тэрыторыі краіны», разьмяшчаў у сеціве паведамленьні з абразамі, якія «правакуюць у карыстальнікаў чату нянавісьць і жаданьне ўжываць сілу ў дачыненьні да праваахоўнікаў», абмяркоўваў з адміністратарамі чату «магчымасьць зьдзяйсьненьня тэрактаў», а пасьля вывучыў інфармацыю ў інтэрнэце, сам зрабіў кактэйль Молатава і 10 чэрвеня ў нецьвярозым стане кінуў запальную сумесь у дзьверы Магілёўскага інстытуту МУС, чым нанёс матэрыяльную шкоду ў памеры 2300 рублёў.