Літва — 144 заяўкі ад беларусаў і 1614 ад грамадзян Іраку
Паводле дадзеных Дэпартамэнту міграцыі МУС Літвы, па стане на канец кастрычніка 2021году на разглядзе знаходзілася 2512 заявак аб атрыманьні статусу ўцекача. Большасьць зь іх ад грамадзян Іраку — 1614 заяўкі. На другім месцы заяўкі ад грамадзян Беларусі — 144. Далей ідзе Камэрун (103 заяўкі), Сырыя (63) і Дэмакратычная Рэспубліка Конга (56). На канец кастрычніка на разглядзе ў МУС Літвы таксама знаходзілася 26 заявак, пададзеных грамадзянамі Афганістану.
Рэзкі рост заявак на атрыманьне статусу ўцекача, пададзеных грамадзянамі Іраку, пачаўся ў Літве з чэрвеня 2021 году. Яшчэ ў студзені такіх заявак былі адзінкі, а толькі за кастрычнік іракцы склалі 158 запытаў. У верасьні іх было 270, а ў жніўні 839.
Пры гэтым Літва масава адмаўляе грамадзянам Іраку ў атрыманьні статусу ўцекача. Толькі за кастрычнік дала 618 адмоваў. Значная частка заявак застаецца без разгляду ў выніку зьнікненьня заяўнікаў. У кастрычніку МУС Літвы адзначыла 49 такіх выпадкаў, у верасьні — 20, у жніўні — таксама 40. Такая ж сытуацыя з грамадзянамі Сырыі.
Атрымліваюць статус уцекача грамадзяне Афганістану, Беларусі і Эрытрэі
З траўня па лістапад у Літве атрымалі статус уцекача 42 грамадзяніны Беларусі (падалі за гэты ж час беларусы звыш 100 заявак). Але яны не на першым месцы. Толькі за верасень Літва задаволіла 166 заяўкі на атрыманьне статусу ўцекача ад грамадзян Афганістану. Атрымліваюць такі статус у Літве таксама грамадзяне Эрытрэі (адна з самых бедных краін сьвету, якой з 1993 году кіруе Ісаяс Афэвэркі. — РС) — 10 чалавек за верасень. А таксама асобныя грамадзяне постсавецкіх краін — Таджыкістану, Азэрбайджану і Расеі.
З пададзеных у Дэпартамэнт міграцыі МУС Літвы заявак на атрыманьне статусу ўцекача можна таксама заўважыць, як разьвіваўся міграцыйны крызіс на мяжы Літвы і Беларусі. Яшчэ ў траўні 2021 году толькі 13 грамадзян Іраку папрасілі аб такім статусе. Агулам на канец траўня ў стадыі разгляду ў Дэпартамэнце міграцыі МУС Літвы знаходзіліся 33 справы грамадзян Іраку. Заявак беларусаў, да прыкладу, на той момант было 96.
Польшча — 1400 уцекачоў зь Беларусі за першыя тры кварталы 2021 году
У Польшчы заяўкі на атрыманьне статусу ўцекача зьбірае адмысловая Ўправа для справаў іншаземцаў (Urząd do spraw cudzoziemców). Згодна з афіцыйнай статыстыкай гэтай установы, за першыя дзевяць месяцаў 2021 году ўлады Польшчы атрымалі ад грамадзян Беларусі каля 1400 заяваў аб атрыманьні статусу ўцекача (Ochrona międzynarodowa po III kwartale 2021 r. — Urząd do Spraw Cudzoziemców — Portal Gov.pl). Больш за беларусаў з такой просьбай зьвярталіся толькі грамадзяне Афганістану — 1700 чалавек за той жа пэрыяд. На другім і трэцім месцы грамадзяне Расеі (800 чалавек) і Іраку (500).
Статус уцекача ў 2021 годзе ў Польшчы атрымлівалі галоўным чынам беларусы — 732 чалавекі з 934 асобаў, якія афіцыйна сталі ўцекачамі. На другім і трэцім месцах — грамадзяне Расеі (64 чалавекі) і Турэччыны (48). За ўвесь 2020 год статус уцекача атрымаў 81 грамадзянін Беларусі.
Польскія ўлады таксама адзначаюць рэзкі рост колькасьці грамадзян Беларусі, якія папрасілі аб статусе ўцекача ў ліпені-верасьні 2021 году. Так, адразу пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году на працягу некалькіх месяцаў у сярэднім па статус уцекача зьвярталіся каля сотні беларусаў штомесяц. Але ўжо ў ліпені, жніўні і верасьні 2021 году такіх запытаў стала больш за 200 кожны месяц, і іх колькасьць працягвае расьці.
Акрамя афіцыйнага статусу ўцекача, і Літва, і Польшча выдаюць таксама гуманітарныя візы, якія дазваляюць афіцыйна жыць і працаваць на тэрыторыі гэтых краін. Пасьля жніўня 2020 году Польшча выдала грамадзянам Беларусі звыш 12 тысяч такіх візаў, Літва — каля 4,5 тысячы.
Колькі жыцьцяў забраў мігранцкі крызіс
4 жніўня мігрант з Іраку памёр на беларуска-літоўскай мяжы непадалёк ад пункту пропуску «Беняконі». Мужчыну ў перадсьмяротным стане нібыта знайшоў былы вайсковец, які жыве ў Воранаве. СК Беларусі адразу завёў крымінальную справу, у Беларусь выклікалі родных памерлага, мёртвае цела паказалі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. Літоўскі бок абвінаваціў беларускія ўлады ў правакацыі.
19 верасьня ў Польшчы на мяжы знайшлі трох загінулых мігрантаў. Зь беларускага боку знайшлі цела жанчыны. Аднаго зь мігрантаў, 37-гадовага Мустафу Махамэда, пахавалі на мусульманскіх могілках у вёсцы падляскіх татараў Багоніках 21 лістапада.
7 кастрычніка дзяржаўныя СМІ Беларусі напісалі, што ля беларуска-літоўскай мяжы яшчэ 5 кастрычніка знойдзена цела ўцекача з Шры-Ланкі. Побач з загінулым знаходзіліся ягоныя дакумэнты, плястыкавыя карткі і мабільны тэлефон. Прычыны сьмерці мігранта не ўдакладняліся.
14 кастрычніка ў памежнай зоне з польскага боку знайшлі яшчэ аднаго мёртвага мігранта з Сырыі. Прэс-сакратар паліцыі Томаш Крупа сказаў Gazeta Wyborcza, што загінулы — 24-гадовы ўцякач, да гэтага ён, імаверна, знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Пры сабе ён меў беларускую візу, выдадзеную ў сярэдзіне верасьня.
19 кастрычніка сырыец патануў у рацэ Буг пры спробе пераплысьці на польскі бок мяжы. Яму было 19 гадоў. Пахаваны ў Багоніках 15 лістапада.
22 кастрычніка непадалёк ад Кузьніцы знайшлі цела мігранта. Паліцыя не змагла даведацца ягонага імя. 18 лістапада яго пахавалі ў Багоніках.
29 кастрычніка на мяжы памёр хворы на дыябэт 25-гадовы мігрант з Ірацкага Курдыстану.
12 лістапада ў лесе каля польскай вёскі Вулька Церахоўская непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю знайшлі цела 20-гадовага сырыйца. Зь беларускага боку мяжы знаходзіцца Камянецкі раён Берасьцейскай вобласьці.
22 лістапада стала вядома, што ва ўлоньні мігранткі на 24-м тыдні цяжарнасьці памерла ненароджанае дзіця. Маці двума тыднямі раней даставілі з-пад беларускай мяжы ў шпіталь. Паводле мусульманскага звычаю, мёртванароджанае дзіця пахавалі ў асобнай магіле ў Багоніках. Сама жанчына была ў цяжкім стане і 3 сьнежня ўвечары памерла.
27 лістапада на ўчастку памежнай заставы «Відзы» Полацкага памежнага атраду знайшлі труп мігранта ўзростам каля 30 гадоў.
28 лістапада знайшлі яшчэ адзін труп мужчыны неславянскай зьнешнасьці на мяжы зь Літвой.
Таксама зьяўляліся паведамленьні пра гібель мігрантаў зь «беларускага маршруту» не на мяжы. Адзін памёр у Менску, дваіх знайшлі нежывымі ў Нямеччыне.
28 траўня 2024 году адным зь мігрантаў, які хацеў парушыць дзяржаўную мяжу, быў сьмяротна паранены шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк. 6 чэрвеня ён памёр у шпіталі ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.
Такім чынам, вядома пра сьмерць:
- 13 мігрантаў на мяжы,
- 1 ненароджанага дзіцяці,
- 3 мігрантаў у іншых пунктах «беларускага маршруту»
- 1 польскага жаўнера