Пра гэта заявіла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 1 сьнежня начальніца ўпраўленьня ў справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вікторыя Грэчка, паведамляе BPN.
Паводле яе:
- прадпрыемствам з колькасьцю работнікаў ад 100 чалавек будуць вызначаць норму для найманьня на працу людзей з інваліднасьцю ў залежнасьці ад агульнай колькасьці работнікаў (пры гэтым наймальнік мае шэраг ільготаў пры ўладкаваньні на працу людзей з інваліднасьцю);
- за 5 гадоў плянуецца павялічыць даступнасьць грамадзкай інфраструктуры для людзей з інваліднасьцю да 23% (цяпер толькі 17%) – гэта значыць, цалкам даступнымі плянуюць зрабіць каля 8 тысяч аб'ектаў;
- неўзабаве ў людзей з інваліднасьцю зьявіцца магчымасьць атрымаць выплату за самастойна набытыя сродкі рэабілітацыі (цяпер за кошт бюджэту абсталяваньне выдаецца толькі органамі сацыяльнага забесьпячэньня, выбар абмежаваны).
Зьмены замацаваныя ў праекце закону «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», распрацаваным у рамках Нацыянальнага пляну дзеяньняў па рэалізацыі Канвэнцыі аб правах інвалідаў, разьлічанай на 2017–2025 гады.
Праект закону «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», прыняты ў 2020 годзе, ацанілі экспэрты Праграмы разьвіцьця ААН (ПРААН) на прадмет магчымага ўзьдзеяньня на ўмовы вядзеньня бізнэсу. Акрамя станоўчых момантаў, яны адзначылі, што прадугледжанае ў законапраекце ўвядзеньне квотаў для працаўладкаваньня людзей з інваліднасьцю і абавязак наймальнікаў за свой кошт ствараць на прадпрыемствах безбарʼернае асяродзьдзе прадугледжваюць высокія затраты працадаўцы, што можа нэгатыўна паўплываць на эканамічны рост.
Скрытыкавалі праект і беларускія праваабаронцы. У прыватнасьці, шэраг заўваг зрабіў дырэктар Офісу правоў людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі. Пазьней галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму ліквідавала Офіс, а Драздоўскі і юрыст Офісу Сяргей Граблеўскі амаль паўгода знаходзіліся пад хатнім арыштам праз абвінавачваньне ў махлярстве і былі вызваленыя 31 ліпеня пад асабістае паручальніцтва.
Удзельная вага інвалідаў у агульнай колькасьці насельніцтва мяняецца нязначна: у 2015 годзе, паводле Міністэрства працы, яна складала 5,7%, цяпер – 6%. Людзей з інваліднасьцю больш як 575 тысяч, па стане здароўя могуць працаваць 119 тысяч з гэтага ліку, але працаўладкавалася толькі палова, сказала Грэчка.
Паводле Мінпрацы, сёлета змаглі знайсьці працу 1600 чалавек з інваліднасьцю.