Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве ўшанавалі памяць Паўла Шарамета. Сёньня яму 50 гадоў


У Кіеве на месцы гібелі беларускага журналіста Паўла Шарамета беларускія і ўкраінскія журналісты ўшанавалі ягоную памяць — 28 лістапада яму споўнілася бы 50 гадоў.

Акцыю, ініцыяваную Беларускай асацыяцыяй журналістаў, падтрымалі ўкраінскія журналісты і шэраг беларускіх грамадзкіх арганізацый, створаных ва Ўкраіне беларусамі-ўцекачамі.

«Павал, пачынаючы з 90-х, паказваў нам, беларускім журналістам, як робіцца сапраўдная, сьмелая рэпарцёрская праца. Памяць пра Паўла ня можа зьнікнуць. Мы ня можам сабрацца ў Менску, правесьці вечар памяці, узгадаць яго. Але мы тут, на тым месцы, дзе скончыўся жыцьцёвы шлях Паўла, дзе яго жудасным чынам забілі, каб застрашыць іншых журналістаў-расьсьледвальнікаў, публіцыстаў. Але ягонае імя і ягоная праца і жыцьцё працягваецца ў нашай памяці», — сказаў намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Барыс Гарэцкі,
Барыс Гарэцкі,

Журналісты запалілі зьнічкі памяці і ўсклалі кветкі ля помніка, які быў усталяваны ў памяць Паўла Шарамета ў Кіеве, непадалёк ад месца ягонай гібелі.

Галоўная рэдактарка інтэрнэт-выданьня «Українська правда» Сяўгіль Мусаева дадала, што ўдзячная беларускім журналістам за іхную ініцыятыву ўшанаваць памяць Паўла Шарамета ў дзень ягонага нараджэньня.

«Нягледзячы на тое, што ўжо прайшло пяць гадоў, мы дагэтуль ня можам зразумець, што адбылося, і дагэтуль ня можам да гэтага прызвычаіцца. Нам вельмі не хапае нашага калегі», — адзначыла яна.

Сяўгіль Мусаева
Сяўгіль Мусаева

Кіраўнік Нацыянальнага саюзау журналістаў Украіны Сяргей Таміленка дадаў, што для ўкраінскіх журналістаў зьяўляецца прыкладам, як беларускія журналісты адстойваюць свае правы ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў.

«Павал Шарамет для шматлікіх, асабліва маладых журналістаў становіцца пэўным сымбалем і прыкладам журналісцкай місіі і служэньня прафэсіі, але такія мэмарыяльныя акцыі, як сёньня да 50-й гадавіны зь дня нараджэньня — гэта магчымасьць сказаць, што Павал ня толькі сымбаль, а і выказаць словы падтрымкі ягонай сям’і, маці і сябрам», — сказаў Сяргей Таміленка.

Ён дадаў, што Нацыянальны саюз журналістаў Украіны надае юрыдычную дапамогу сям’е Паўла Шарамета, каб абараніць іхныя інтарэсы ў расьсьледаваньні забойства Паўла.

Сяргей Таміленка
Сяргей Таміленка

Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст, выканаўчы дырэктар «Українськой правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.

Імёны падазраваных у арганізацыі і забойстве беларускага журналіста назвалі 12 сьнежня 2019 году на брыфінгу Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. На наступны дзень пасьля брыфінгу ўсіх траіх падазраваных затрымалі:

Андрэй Антоненка. Музыка, добраахвотнік, службовец Сілаў спэцыяльных апэрацый Узброеных сілаў Украіны. Сёлета ў красавіку вызвалены пад хатні арышт пасьля таго, як 505 дзён адседзеў у сьледчым ізалятары.

Юлія Кузьменка. Хірург-кардыёляг, вайсковая лекарка, працавала ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Вызваленая пад хатні арышт у жніўні 2020-га, адседзела ў СІЗА больш за 7 месяцаў.

Яна Дугар. Вайсковая мэдсястра. Ад пачатку ўтрымлівалася пад начным хатнім арыштам, а летась суд зьняў зь яе і электронны бранзалет (дапамагае дыстанцыйна адсочваць усе перамяшчэньні асобы, у дачыненьні да якой праводзіцца сьледзтва).

Усе трое адхіляюць сваю датычнасьць да забойства. Зь верасьня 2020 году іхную справу разглядае суд. Справу аб арганізатарах, заказчыках і мэханізмах выкананьня злачынства іншымі саўдзельнікамі выдзелілі ў асобнае вядзеньне ў чэрвені 2020 году. Яе дагэтуль расьсьледуюць.

У сярэдзіне лістапада колішні міністар унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў заявіў, што падазраваныя ў забойстве журналіста Паўла Шарамета маглі супрацоўнічаць з СБУ і ня ведаць, супраць каго іх выкарыстоўваюць у падрыхтоўцы і арганізацыі злачынства. Ён таксама дадаў, што ў расьсьледаваньні імавернага «беларускага сьледу» сьледзтва мае дваіх сьведак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG