Словы палітыка цытуе DW.
«Мы перажываем падвойны шантаж з боку Лукашэнкі», — заявіла Бэрбак. З аднаго боку, ён выкарыстоўвае мігрантаў для разьяднаньня Эўропы. З другога, урад у Менску хоча, каб эўрапейцы прызналі яго як суразмоўцу, хоць ён душыць апазыцыю, падкрэсьліла палітык. Паводле слоў Бэрбак, «нельга дазваляць дыктатарам шантажаваць сябе».
«Простага рашэньня для выхаду з крызісу не існуе»
Лідэрка «зялёных» упэўненая, што правільным было б узмацніць жорсткасьць санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да Беларусі і працягваць аказваць ціск на Лукашэнку. Разам з тым дыпляматыя заўсёды азначае імкненьне да дыялёгу, падкрэсьліла Бэрбак. «Вы ня можаце праводзіць зьнешнюю палітыку без дыялёгу», — канстатавала яна.
Тым ня менш Бэрбак скрытыкавала два тэлефонныя званкі выканаўцы абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель Лукашэнку. На думку Бэрбак, тэлефанаваць беларускаму кіраўніку павінна была не кіраўніца нямецкага ўраду.
«Простага рашэньня» для выхаду з крызісу не існуе, аднак для Польшчы і Нямеччыны важна дзейнічаць разам, упэўненая лідэрка нямецкіх «зялёных». На яе думку, «галоўны прыярытэт» — клопат аб мігрантах, «у тым ліку і на польскай тэрыторыі, гэта значыць на тэрыторыі ЭЗ».