«Усякія перамовы беспасярэдне з Лукашэнкам легітымізуюць ягоны рэжым», — сказаў Маравецкі на прэсавай канфэрэнцыі ў чацьвер.
Яго заяву прыводзіць польскае агенцтва РАР.
Маравецкі нагадаў, што ён правёў перамовы па гэтай тэме з прэмʼерам Іраку Мустафом аль-Кадзімі і з кіраўніком рэгіянальнага ўраду Ірацкага Курдыстану Масрурам Барзані.
Раней у чацьвер у ЭЗ выключылі магчымасьць якіх-небудзь маштабных перамоваў зь беларускім бокам вакол сытуацыі зь мігрантамі на мяжы з Польшчай і іншымі краінамі.
«Пытаньне аб перамовах з рэжымам Лукашэнкі на парадку дня не стаіць», — заявіў на брыфінгу прадстаўнік Эўракамісіі Эрык Мамэр.
Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.
Паводле ягоных словаў, увага Брусэлю зараз сканцэнтраваная на дапамозе мігрантам і на вывазе іх на радзіму, а не на такіх кантактах зь Менскам.
Пры гэтым Мамэр растлумачыў, што кантакты зь беларускім бокам усё ж магчымыя, але толькі ў пытаньнях тэхнічнага характару.