Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна заменіць беларускую электраэнэргію сваімі атамнымі магутнасьцямі


Украіна павялічыць выкарыстаньне ўласнай атамнай энэргіі на замену пастаўкам зь Беларусі.

«Запускаецца пасьля рамонту дадатковы блёк АЭС ва Ўкраіне», — паведаміў Свабодзе старшыня парлямэнцкага камітэту энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Андрэй Герус, дэпутат праўладнай фракцыі «Слуга народу».

Паводле яго, цеплаэлектрастанцыі дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасьці таксама актывізавалі свае намаганьні па закупах вугалю, які будзе пастаўлены з Польшчы, Казахстану і з украінскіх шахтаў.

Андрэй Герус паведаміў са спасылкай на Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны, што ў лістападзе ЦЭС чакаюць з Казахстану 45 тысяч тон. «Далейшыя пастаўкі з гэтага кірунку пад пытаньнем з прычыны транзыту праз Расею», — удакладніў ён у сваім тэлеграм-канале.

Нацыянальны энэргетычны апэратар «Укренерго» пацьвердзіў, што Беларусь спыніла пастаўкі адразу пасьля поўначы 18 лістапада.

У кампаніі падкрэсьлілі, што між краінамі няма ніякіх міждзяржаўных дамоўленасьцяў аб пастаўках электраэнэргіі.

«Наяўнасьць і аб’ём імпартна-экспартных паставак электраэнэргіі залежаць выключна ад зьнешнегандлёвых пагадненьняў удзельнікаў рынку — пастаўшчыкоў, трэйдэраў і гэтак далей. „Укренерго“ як апэратар сыстэмы перадачы не ажыцьцяўляе камэрцыйны імпарт і экспарт электраэнэргіі».

У той жа час незалежныя экспэрты лічаць праблематычным замяшчэньне неабходных аб’ёмаў электраэнэргіі, выпрацаванай на ўкраінскіх атамных станцыях.

«Атамныя электрастанцыі ня могуць павялічваць і зьмяншаць магутнасьць падачы цягам сутак. Гэта забараняе тэхналягічны рэглямэнт з пункту гледжаньня ядзернай бясьпекі. То бок АЭС, калі ўжо выходзяць на намінальную магутнасьць, то яны роўным графікам і працуюць», — расказвала Свабодзе незалежная энэргетычная экспэртка Вольга Кашарна.

Раней Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны заяўляла, што для збалянсаваньня энэргетычнага рынку і стабільнага праходжаньня асеньне-зімовага пэрыяду 2021–2022 гадоў будуць залучаць энэргаблёкі цеплавых электрастанцый, якія працуюць на прыродным газе.

Пасьля спыненьня паставак зь Беларусі Ўкраіна пачала набываць электраэнэргію ў Славаччыне. Але гэтыя пастаўкі ажыцьцяўляюцца па істотна меншых магутнасьцях — 25 МВт на гадзіну супраць ранейшых 415 МВт зь Беларусі.

Беларусь пачала прадаваць Украіне электраэнэргію на камэрцыйнай аснове 6 лістапада. За гэты час Украіна набыла больш як 80 мільёнаў кВт-гадзін, а з пачатку 2021 году — 522,6 мільёна кВт-гадзін. Пастаўкі ажыцьцяўляюцца толькі праз прыватныя кампаніі, у тым ліку праз «Тет груп», створаную Віталём Бутэнкам, адным з былых мэнэджараў кампаніі ўкраінскага мільярдэра Рыната Ахметава, і ТАА «ЕЛЕКТРО КОМ’ЮНІТІ» Аляксандра Ткачэнкі (гэтую кампанію зьвязваюць з дэпутатам Яўгенам Шаўчэнкам, які сёлета ў красавіку сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і цяпер кантактуе зь Юрыем Васкрасенскім).

Украіна мусіць пастаўляць электраэнэргію з-за мяжы, каб збалянсаваць працу Аб’яднанай энэргетычнай сыстэмы ва ўмовах дэфіцыту вугалю і сэзоннага павелічэньня спажываньня электраэнэргіі. У той жа час ва ўкраінскай кампаніі «Укренерго» адзначаюць, што пакуль узровень спажываньня на 1,6 % меншы за прагназаваныя паказьнікі і складае крыху больш як 7 мільярдаў кВт∙гдз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG