Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 18 лістапада: затрыманьні ў Наваполацку і Баранавічах, выракі па крымінальных справах у Менску, Магілёве і Горадні

абноўлена

Сувэніры з «Пагоняй», ілюстрацыйнае фота
Сувэніры з «Пагоняй», ілюстрацыйнае фота

Суды ў Беларусі працягваюць караць беларусаў за пратэсты, сілавікі далей арыштоўваюць паводле палітычных матываў.

Пагоню на лядоўні прызналі доказам у справе пра ўдзел у «Маршы адзінства»

52-гадовую Валянціну Будрэвіч у Горадні асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у беспарадках (ч. 1 арт. 342). Яе абвінавацілі ў тым, што яна стаяла ў счэпцы падчас акцыі пратэсту 6 верасьня 2020 году.

Валянціна Будрэвіч — мэдсястра-анэстэзістка лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі, маці траіх дзяцей.

На судзе яна сказала, што апынулася сярод пратэстоўцаў выпадкова, калі ішла ў кнігарню. Неўзабаве пачаліся затрыманьні.

«Я пайшла адтуль амаль адразу, пераканаўшыся, што ў людзей няма ніякіх калецтваў. Бо я ж мэдсястра», — сказала спадарыня Валянціна.

Праваабаронцы зьвярнулі ўвагу на тое, што адным з доказаў у справе быў прызнаны магніт з выявай герба «Пагоня», які канфіскавалі падчас ператрусу ў Валянціны дома. Магніт вісеў на лядоўні, а Пагоня — сымбаль не забаронены.

Вырак судзьдзя Ўладзімер Пазьняк зачытаў 17 лістапада — два гады «хатняй хіміі», паведаміла «Вясна».

2,5 гады калёніі за расклейваньне ўлётак

Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Магілёва вынесьлі прысуд Сяргею Батуру. Судзьдзя Ксенія Нікіфарава прызнала мужчыну вінаватым па ч.2 арт.368 КК РБ (абраза прэзыдэнта) і прысудзіла яму 2 гады 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе MAYDAY.

Судовыя пасяджэньні праходзілі ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасьці справы даведацца не ўдалося. Прычыны закрыцьця суду таксама невядомыя. Дзяржаўным абвінаваўцам выступала Марыя Івуціна.

Затрымалі Сяргея ў пачатку чэрвеня 2021 году. Разам зь ім была Натальля Яцкова, якая па заканчэньні 72 гадзін была адпушчаная пад падпіску аб нявыезьдзе, але здолела пакінуць межы Беларусі. Затрыманыя яны былі пры расклейваньні ўлётак з выявай Аляксандра Лукашэнкі. Супрацоўнік Дэпартамэнту аховы, які праяжджаў міма, заўважыў іх і выклікаў нарад міліцыі.

Затрыманьні і ператрусы ў Баранавічах і Наваполацку

У Баранавічах затрымалі некалькі чалавек.

Вядомага ў горадзе прадпрымальніка з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй Юрыя Казакевіча выводзілі з дому ў кайданках, паведаміла «Салідарнасць».

Раніцай 18 лістапада ў кватэру Юрыя Казакевіча прыйшоў сьледчы з двума амапаўцамі і двума сілавікамі ў цывільным, каб правесьці ператрус.

На гаспадара кватэры, які і раней зазнаваў прэсінг з боку ўладаў, надзелі кайданкі. Яму паведамілі, што ператрус і затрыманьне зьвязаныя з адміністрацыйным артыкулам за паведамленьні ў мясцовым тэлеграм-чаце.

Пасьля ператрусу Юрыя Казакевіча павезьлі на допыт.

Акрамя Юрыя Казакевіча, сёньня ў Баранавічах правялі ператрусы і затрымалі яшчэ некалькі чалавек. Сярод затрыманых:

  • Андрэй Гіль,
  • Яўген Крывашэін (яго затрымалі за распаўсюд інфармацыі з тэлеграм-каналу Nexta, прызнанага ўладамі экстрэмісцкім),
  • Мікалай Росьлік,
  • Натальля Росьлік,
  • Віктар Шашняровіч.

Таксама праваабаронцам вядома пра затрыманьні ў Наваполацку, паведаміла «Вясна».

Дзяўчыну, якую затрымалі перад судом над Вольгай Залатар, пабілі ў міліцыі і арыштавалі на 15 сутак

У панядзелак, 15 лістапада, у Менскім гарадзкім судзе затрымалі 32-гадовую Тацяну Батуру.

Яна хацела трапіць на суд над палітзьняволенай Вольгай Залатар. Але пасьля кантролю на рамках перад заляй суду яе затрымалі людзі ў цывільным. Доўгі час сваякі Тацяны не маглі яе знайсьці, бо ў Фрунзэнскім РУУСе казалі, што яе там няма, паведаміла «Вясна».

На наступны дзень у судзе Фрунзэнскага раёну прайшоў разгляд адміністрацыйнай справы супраць Тацяны за дробнае хуліганства ў судзе (арт. 19.1 КаАП).

Тацяна Батура на судзе заявіла пра пабіцьцё ў Фрунзэнскім РУУСе — яе выцялі галавой аб шафу, у лякарні дыягнаставалі ўдар галавы, але судзьдзя Марыя Ярохіна заявіла, што «гэта ня мае дачыненьня да справы», і арыштавала Батуру на 15 сутак.


60-гадоваму менчуку за камэнтары прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі»

Былога пілёта Аляксея Асташэвіча 17 лістапада прызналі вінаватым у тым, што з кастрычніка 2020-га да сакавіка 2021 году ён пакідаў камэнтары на розных тэлеграм-каналах з абразамі і зьнявагамі ў адрас прадстаўнікоў улады.

Пацярпелымі прызналі 8 міліцыянтаў і аднаго судзьдзю.

Аляксей Асташэвіч віну прызнаў, заяўленую шкоду пацярпелым амаль цалкам выплаціў, а ў апошнім слове заявіў, што яму «было вельмі прыемна тут сёньня знаходзіцца», паведаміла «Вясна».

Жыхара Баранавічаў пакаралі 2 гадамі «хіміі» за сарваны сьцяг

16 верасьня Аляксандар Гаўрыльчык зьняў дзяржаўны сьцяг са сьцяны крамы ў Баранавічах, паламаў напалам тронак, а сьцяг забраў дахаты.

17 лістапада ў судзе ён сказаў, што быў нападпітку, і патлумачыў, што сарваў сьцяг, каб хадзіць зь ім на футбол.

«Я ні ў якім выпадку не хацеў абразіць сваю краіну або зьдзекавацца са сьцяга. Хачу папрасіць прыняць да ўвагі зьмякчальны фактар маёй віны — цяжкую хваробу сына, якога даводзіцца вазіць у Менск штомесяц», — сказаў Гаўрыльчык.

У выніку судзьдзя Сяргей Данільчык асудзіў Аляксандра Гаўрыльчыка на два гады абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу, так званай «хіміі», паведаміла «Вясна».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG