Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты зь Іраку падчас пасадкі на эвакуацыйны рэйсу ў Багдад у менскім аэрапорце 18 лістапада
Мігранты зь Іраку падчас пасадкі на эвакуацыйны рэйсу ў Багдад у менскім аэрапорце 18 лістапада

Зь Менску вылецеў першы эвакуацыйны рэйс у Ірак, Варшава выставіла Менску ўльтыматум

Каля мяжы Беларусі з Польшчай канцэнтруецца сама меней 2 тысячы мігрантаў. Прэс-сакратарка Лукашэнкі ў сярэдзіне дня агучыла інфармацыю, згодна зь якой у краіне нібыта 7 тысяч мігрантаў.

22:59 18.11.2021

Ірак гатовы арганізаваць дадатковыя эвакуацыйныя рэйсы

Ірацкае МЗС паведаміла мясцоваму агенцтву навінаў INA, што эвакуацыйныя рэйсы зь Менску ў Ірак працягнуцца. Раней жаданьне вярнуцца дадому выказалі больш за 570 чалавек, якія захраснулі на беларуска-польскай мяжы. Ірацкія дыпляматы працягваюць рэгістраваць жадаючых вярнуцца і выдаваць часовыя дакумэнты тым, у каго няма пашпарта.

22:41 18.11.2021

МЗС Беларусі абмеркавала сытуацыю зь мігрантамі з прадстаўнікамі ААН і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі

Начальніца галоўнага ўпраўленьня шматбаковай дыпляматыі МЗС Беларусі Ірына Вялічка сустрэлася з прадстаўніком Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Беларусі Мулусеу Мамо і прадстаўніком Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі Махым Аразмухамедавай. Бакі абмеркавалі ўзаемадзеяньне для больш хуткага вырашэньня сытуацыі на мяжы.

22:19 18.11.2021

Самалёт зь мігрантамі зь Менску прызямліўся ў канчатковым пункце — Багдадзе

Асноўная маса пасажыраў — выйшла раней, у Эрбіле. Па інфармацыі авіякампаніі Iraqi Airways, на борце было каля 420 чалавек.

21:42 18.11.2021

Украінскія памежнікі разьвярнулі назад у Беларусь 15 «турыстаў» з Блізкага ўсходу

Замежнікі ехалі рэйсавым аўтобусам зь Менску. Падчас праверкі памежнікі выявілі, што ўсе яны некалькі тыдняў таму прыбылі ў Менск і адразу накіраваліся ў Горадзенскую вобласьць. Па словах замежнікаў, пасьля наведваньня «славутасьцяў» Гарадзеншчыны яны вырашылі наведаць з турыстычнымі мэтамі Львоў. Такі турыстычны маршрут не пераканаў паліцыю, таксама большасьць з замежнікаў мелі пашпарты, выдадзеныя практычна ў той жа пэрыяд, у верасьні-кастрычніку 2021 году. У выніку ім адмовілі ва ўезьдзе ва Ўкраіну, паведаміла Памежная служба Ўкраіны.

21:32 18.11.2021

Польшча і Ірак абмеркавалі вяртаньне мігрантаў

Прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі паразмаўляў па тэлефоне з прэмʼер-міністрам Іраку Мустафой аль-Казымі і прэмʼер-міністрам Ірацкага Курдыстану Масрурам Барзані наконт сытуацыі зь мігрантамі на беларуска-польскай мяжы, паведамляе канцылярыя польскага прэмʼера.

Прэмʼер-міністар Іраку паабяцаў польскаму боку дапамогу ў вяртаньні на радзіму іракцаў, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў польскіх цэнтрах для замежнікаў. Ён таксама заявіў, што Ірак пакуль ня будзе аднаўляць прамыя авіярэйсы ў Менск. Прэмʼер Курдыстану таксама пацьвердзіў гатоўнасьць супрацоўнічаць з польскім бокам і прызнаў, што мігранты сталі ахвярамі кантрабандыстаў.

21:21 18.11.2021

Прэм’ер Польшчы прапанаваў прафінансаваць пералёты мігрантаў зь Беларусі на радзіму

Адказваючы на пытаньне аб меркаваных плянах стварэньня гуманітарнага калідору для мігрантаў зь Беларусі ў Нямеччыну, прэмʼер-міністар Матэвуш Маравецкі сказаў, што ён «перасьцярог ад такога рашэньня», бо гэта дасьць «кантрабандыстам непатрэбную надзею на тое, што іх дзеяньні могуць быць эфэктыўнымі».

«Я лічу, што дзякуючы нашай салідарнасьці, рашучай палітыцы і абароне мяжы мы павінны вярнуць мігрантаў дадому. Мы можам ім дапамагчы — мы можам дапамагчы ім прафінансаваць пералёт зь Беларусі, Менску ў Багдад, Эрбіль, Стамбул ці іншыя гарады, але мы, вядома, ня зьменім нашу пазыцыю ў адносінах да штучна выкліканага міграцыйнага руху», — заявіў Маравецкі журналістам.

19:10 18.11.2021

Кіраўнік МУС Нямеччыны абверг чуткі аб тым, што краіна гатовая прыняць мігрантаў зь беларуска-польскай мяжы

Нямеччына не зьбіраецца прымаць уцекачоў, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, заявіў выканаўца абавязкаў кіраўніка МУС ФРГ Горст Зеегафэр у Варшаве. «Я з канцлерам абмеркаваў гэтую інфармацыю і атрымаў дакладны адказ, што размова ідзе аб ілжывым паведамленьні», — сказаў ён.

18:58 18.11.2021

Мігрантам не хапіла месца ў лягістычным цэнтры

Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што па стане на 18 лістапада ўсе ўцекачы са стыхійнага лягера на беларуска-польскай мяжы добраахвотна перамясьціліся на тэрыторыю транспартна-лягістычнага цэнтру.​

Адзін зь відавочцаў расказаў Радыё Свабода, што ў лягістычным цэнтры, куды беларускія ўлады перамясьцілі мігрантаў ад мяжы, зьмясьцілася каля 2 тысяч чалавек. Але многім, у тым ліку дзецям, не хапіла месца пад дахам і яны вымушаныя чакаць на марозе.

18:23 18.11.2021

«Беларусь не адмовілася ад пляну дэстабілізацыі Польшчы»

Станіслаў Жарын, прэсавы прадстаўнік каардынатара спэцслужбаў Польшчы, заявіў, што на мяжы з Польшчай зь беларускага боку ўвесь час застаюцца мігранты, хоць частка іх пакінула арганізаваны імі раней лягер.

«Аднак большасьць іншаземцаў застаецца там, дзе яны былі раней. Найбліжэйшыя дні будуць па-ранейшаму патрабавальнымі для польскіх салдатаў і афіцэраў. Беларусь не адмовілася ад пляну дэстабілізацыі Польшчы», — напісаў Жарын у Твітэры.

18:02 18.11.2021

Польшча ставіць ультыматум

Польшча пагражае закрыць чыгуначны пункт пропуску ў Кузьніцы 21 лістапада, калі сытуацыя зь мігрантамі не стабілізуецца. Улады Польшчы афіцыйна папярэдзілі беларускі бок. Раней дзеяньні рэжыму Лукашэнкі прадстаўнікі польскага ўраду неаднаразова называлі гібрыднай вайной супраць Эўразьвязу, якую рэжым разьвязаў паводле пляну, напісанага ў Маскве.

17:59 18.11.2021

Дапамога Вялікай Брытаніі

Польскім памежным войскам ахоўваць мяжу зь Беларусьсю дапамогуць інжынэрныя войскі Вялікай Брытаніі. Такі вынік сёньняшняй сустрэчы кіраўнікоў абарончых ведамстваў Польшчы і Вялікай Брытаніі Марыюша Блашчака і Бэна Ўолэса. У прыватнасьці, брытанскія жаўнеры дапамогуць польскім у рамонце агароджы на мяжы, пашкоджанай мігрантамі і беларускімі сілавікамі, якія дапамагалі апошнім нелегальна пераходзіць мяжу.

17:54 18.11.2021

Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу на службовых асоб Польшчы

Справу завялі паводле артыкула аб прапагандзе вайны. З заявай з гэтай нагоды выступіў генэральны пракурор Андрэй Швед.

17:50 18.11.2021

Першы выпадак COVID-19 у стыхійным лягеры

Мэдыкі выявілі першы выпадак каранавірусу ў мігрантаў, якія знаходзяцца каля мяжы з Польшчай. Паводле намесьніка старшыні Горадзенскага аблвыканкаму Віктара Пранюка, мужчыну шпіталізавалі ў Горадзенскую ўнівэрсытэцкую клініку. Раніцай улады паабяцалі вакцынаваць мігрантаў кітайскай прышчэпкай Vero Cell. Пры гэтым патрабуецца дзьве дозы прышчэпкі, а паміж імі, як вядома, ня меней за два тыдні паўзы. Усё гэта паказвае на тое, што мігранты могуць застацца на тэрыторыі Беларусі надалей.

17:39 18.11.2021

Як вылятаў першы рэпатрыяцыйны самалёт зь мігрантамі зь Менску ў Багдад


Рэпартаж Deutsche Welle.

16:42 18.11.2021

БелТА: Усе мігранты з намётаў перабраліся ў лягістычны цэнтар


На 11-ы дзень мігранты пакінулі абодва стыхійныя лягеры ля беларуска-польскай мяжы, піша БелТА. З намётавых лягераў каля КПП і ў лесе людзі перайшлі ў лягістычны цэнтар. Сёньня туды прыгналі аўтакраму і адкрылі пункт бясплатнай вакцынацыі ад каранавірусу.

16:04 18.11.2021

Вучэньні NATO ў Польшчы

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак на палігоне Бэмова Піске сустрэўся з жаўнерамі 15-й мэханізаванай брыгады Польскага войска, а таксама вайскоўцамі Румыніі, Харватыі, Вялікай Брытаніі і Злучаных Штатаў, якія прыбылі на вышкал у Польшчу. Міністэрства абароны абмяркоўвае далейшае ўзмацненьне прысутнасьці NATO на «ўсходнім флянгу», што зьвязана зь мігранцкім крызісам і гібрыднай агрэсіяй рэжыму Лукашэнкі, пра што польскае кіраўніцтва і кіраўніцтва Паўночнаатлянтычнага альянсу заяўляла ў папярэднія дні.

15:46 18.11.2021

Першая група мігрантаў паляцела на радзіму

Эвакуацыйны рэйс у Ірак вылецеў зь менскага аэрапорту. На борце 431 чалавек. Самалёт ляціць да Багдаду і павінен быць там праз 4 гадзіны ад вылету. Яшчэ адзін рэйс у Багдад зь Менску заплянаваны на 19 лістапада, 14:30.

15:37 18.11.2021

Ля мяжы загінула дзіця мігрантаў

Ратавальнікі Польскага цэнтру міжнароднай дапамогі паведамілі 18 лістапада, што ўначы яны дапамаглі тром людзям і ад іх даведаліся пра сьмерць дзіцяці.

«Пасьля 2:26 мы атрымалі паведамленьне аб тым, што як мінімум адзін чалавек, які цяпер знаходзіцца ў лесе, мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе. На месцы высьветлілася, што тры чалавекі атрымалі раненьні. Яны знаходзіліся ў лесе 1,5 месяца!» — напісалі ратавальнікі Польскага цэнтру міжнароднай дапамогі ў Twitter.

15:12 18.11.2021

Прэсавая сакратарка Лукашэнкі: у Беларусі 7 тысяч мігрантаў

Прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант заявіла, што ў Беларусі ў гэты час знаходзіцца 7 тысяч мігрантаў. У лягістычным цэнтры каля мяжы з Польшчай толькі 2 тысячы зь іх.

14:50 18.11.2021

Ідзе пасадка ў эвакуацыйны самалёт

У гэтыя хвіліны праходзіць пасадка пасажыраў у самалёт да Багдаду. Празь некалькі хвілін плянуецца вылет зь менскага аэрапорту. Паводле інфармацыі консула, на рэйс зарэгістраваўся 431 пасажыр. Вылет затрымліваецца.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG