У намётавым лягеры ля мяжы пачаўся рух
Пасьля сьняданку каля 300 чалавек з намётавага лагеру ля памежнага пераходу Брузгі сабралі рэчы і перайшлі ў лягістычны цэнтар, дзе знаходзіцца іншая частка мігрантаў.
Самалёт з Іраку для эвакуацыі мігрантаў ужо вылецеў
Сёньня ў Менск мае прыляцець самалёт з Іраку па тых мігрантаў, якія хочуць вярнуцца дадому. Паводле МЗС Іраку, такіх больш за 430 чалавек. Антон Матолька паведамляе, што частка мігрантаў ужо прыбыла ў менскі аэрапорт.
За 17 лістапада 500 чалавек спрабавалі прарвацца праз польскую мяжу
17 лістапада на польска-беларускай мяжы зафіксавалі 501 спробу незаконнага перасячэньня. Выдадзена 31 пастанова аб неадкладным выезьдзе з краіны раней прынятым мігрантам.
Таксама ў мінулыя суткі былі і сілавыя спробы прарыву. У адной са спробаў удзельнічалі адразу каля 500 чалавек. Аднак польскія памежнікі не дазволілі гэтаму здарыцца.
Зьявілася відэа мігрантаў, якія хочуць вярнуцца, зь менскага аэрапорту
Відэа з Нацыянальнага аэрапорту Менск разьмясьціў блогер Антон Матолька. Людзі чакаюць самалёт з Іраку, які ўжо ляціць у Беларусь для рэпатрыяцыі мігрантаў на радзіму.
Пачалася рэгістрацыя на эвакуацыйны рэйс у Багдад
Вылет самалёта ў Багдад зь Менску адбудзецца ў 13.45. Ужо ідзе рэгістрацыя на гэты рэйс на 5 стойках менскага аэрапорту.
Атака на польскую паліцыю
Нягледзячы на тое, што ўчора мігранты рабілі шмат фота і відэа, становячыся на калені і гаворачы пра любоў да Польшчы, атакі на мяжу гэта не спыніла. Паліцыя Падляшша паведаміла пра тое, што пад Полаўцамі мужчыны, апранутыя ў форму беларускіх службаў, закідалі польскіх паліцыянтаў камянямі і паранілі аднаго зь іх.
Рэгістрацыю на эвакуацыйны рэйс прайшлі 430 мігрантаў
430 мігрантаў зарэгістраваліся на эвакуацыйны рэйс Iraqi Airways зь Беларусі. Аб гэтым паведаміў афіцыйны прадстаўнік ірацкага МЗС Ахмэд ас-Сахаф, перадае інфармацыйнае агенцтва Ina. Працягваецца рэгістрацыя яшчэ 50 чалавек.
«Міністэрства прыкладае больш намаганьняў, каб забясьпечыць самы высокі ўзровень рэакцыі на добраахвотнае вяртаньне», – дадаў ён.
У 13:45 па менскім часе чакаецца першы эвакуацыйны рэйс для ахвочых вярнуцца зь Беларусі ў Ірак.
Эўракамісія: рэжым Лукашэнкі ў змове з гандлярамі людзьмі
Віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі Маргарыціс Схінас заявіў, што Эўразвяз мае дастаткова доказаў і надзейных выведных дадзеных, якія сьведчаць, што «рэжым Лукашэнкі знаходзіцца ў змове зь міжнароднымі сеткамі, якія займаюцца нелегальнай перавозкай людзей». Пра гэта ён сказаў у інтэрвію курдзкаму выданьню Rudaw.
Схінас абвінаваціў Беларусь у выкарыстаньні чалавечых пакут як зброі і заклікаў іракцаў не купляцца на хлусьню кантрабандыстаў. Па словах Схінаса, Беларусь выдае мігрантам візы, пасьля прылёту ў краіну спэцслужбы перакідаюць іх на мяжу і пакідаюць там. У выніку людзі ня могуць ні трапіць у ЭЗ, ні вярнуцца.
Схінас быў зь візытам у Багдадзе 15 лістапада, там ён сустрэўся зь міністрам замежных спраў Іраку Фуадам Хусэйнам. Бакі абмяркоўвалі становішча ірацкіх мігрантаў у Беларусі.
Вярхоўная Рада Ўкраіны пашырыла паўнамоцтвы памежнікаў
Тым часам да патэнцыйных праблем зь мігрантамі працягвае рыхтавацца Ўкраіна. Цяпер украінскія памежнікі маюць права праводзіць асабісты надгляд затрыманых асобаў, а таксама іхных рэчаў.
Памежнікам таксама дазволілі ў асаблівых выпадках фізічнае ўзьдзеяньне, спэцыяльныя сродкі, зброю і баявую тэхніку, узбраеньне караблёў, катэраў і паветраных суднаў. Таксама ім дазволена выкарыстоўваць сродкі візуальнага і тэхнічнага назіраньня і фіксацыі, сьвятлатэхнічныя і сыгналізацыйныя прыстасаваньні, іншыя сродкі аховы мяжы, інжынэрныя боепрыпасы, загароды.
Іншыя мігранты накіроўваюцца зь лесу ў лягістычны цэнтар
Лягістычны цэнтар не апусьцее — у яго накіроўваюць мігрантаў, якія раней заставаліся ў лесе. Цяпер яны перамяшчаюцца невялікімі групамі ў цэнтар. Іх, як піша БелТА, забясьпечваюць гуманітарнай дапамогай.
Стрым зь лягістычнага цэнтру
Дзяржаўныя СМІ вядуць стрым зь лігістычнага цэнтру, куды накіравалі астатніх мігрантаў, якія правялі апошнія ночы ў лесе. За сёньня яшчэ 400 мігрантаў прыйшлі зь лесу ў цэнтар.
Звыш 7 тысяч мігрантаў спынілі ў Літве
Служба аховы Дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што ў сераду колькасьць нелегальных мігрантаў, якія з пачатку жніўня ня здолелі трапіць у Літву з тэрыторыі Беларусі, перавысіла 7 тысяч чалавек. За мінулыя суткі была 71 спроба нелегальнага перасячэньня.
З гуманітарных меркаваньняў са жніўня літоўскія ўлады прынялі 163 чалавекі.
Пачалі вакцынацыя мігрантаў ад каранавірусу
Улады Беларусі вакцынуюць мігрантаў кітайскай вакцынай, заявіў намесьнік старшыні Горадзенскага аблвыканкаму Віктар Пранюк. Як чакаецца, вакцынацыя пачнецца ў чацьвер, 18 лістапада. Людзей з Блізкага Ўсходу будуць прышчапляць кітайскай вакцыйнай.
Яшчэ адно рашэньне «Белавія» для абмежаваньня плыні мігрантаў
«У адпаведнасьці з рашэньнем кампэтэнтных органаў Узбэкістану з 17.11.2021 грамадзяне Афганістану, Іраку, Емэну, Лібану, Лібіі і Сырыі ня будуць прымацца да перавозкі на рэйсах авіякампаніі „Белавія“, якія накіроўваюцца з Ташкенту ў Менск», — праінфармавалі ў кампаніі.
Самалёт Iraqi Airways прыбыў у Менск
Людзі, зарэгістраваныя на рэйс да Багдаду, пайшлі на пасадку, самалёт прыбыў на месца адлёту. Вылет чакаецца а 14.30.
Заява G7: Мы адзіныя ў нашай салідарнасьці з Польшчай, Літвой і Латвіяй
Міністры замежных спраў краін G7 і кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі асудзілі мігранцкі крызіс на беларуска-польскай мяжы і заклікалі Беларусь неадкладна спыніць сваю агрэсіўную кампанію. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай адозьве, якую апублікавалі на сайце ўраду Вялікай Брытаніі.
«Мы, кіраўнікі МЗС Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Вялікай Брытаніі і ЗША, а таксама вярхоўны прадстаўнік ЭЗ, асуджаем арганізацыю беларускім рэжымам незаконнай міграцыі праз свае межы. Гэтыя жорсткія дзеяньні падвяргаюць небясьпецы жыцьці людзей. Мы адзіныя ў нашай салідарнасьці з Польшчай, а таксама Літвой і Латвіяй, якія сталі мішэньню гэтага правакацыйнага выкарыстаньня незаконнай міграцыі ў якасьці гібрыднай тактыкі.
Мы вітаем дзеяньні Эўразьвязу, які шчыльна супрацоўнічае з краінамі паходжаньня і транзыту, каб пакласьці канец дзеяньням рэжыму Лукашэнкі. Мы працягнем працаваць разам, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці, а таксама падтрымаць грамадзянскую супольнасьць і правы чалавека ў Беларусі».
Ідзе пасадка ў эвакуацыйны самалёт
У гэтыя хвіліны праходзіць пасадка пасажыраў у самалёт да Багдаду. Празь некалькі хвілін плянуецца вылет зь менскага аэрапорту. Паводле інфармацыі консула, на рэйс зарэгістраваўся 431 пасажыр. Вылет затрымліваецца.
Прэсавая сакратарка Лукашэнкі: у Беларусі 7 тысяч мігрантаў
Прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант заявіла, што ў Беларусі ў гэты час знаходзіцца 7 тысяч мігрантаў. У лягістычным цэнтры каля мяжы з Польшчай толькі 2 тысячы зь іх.
Ля мяжы загінула дзіця мігрантаў
Ратавальнікі Польскага цэнтру міжнароднай дапамогі паведамілі 18 лістапада, што ўначы яны дапамаглі тром людзям і ад іх даведаліся пра сьмерць дзіцяці.
«Пасьля 2:26 мы атрымалі паведамленьне аб тым, што як мінімум адзін чалавек, які цяпер знаходзіцца ў лесе, мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе. На месцы высьветлілася, што тры чалавекі атрымалі раненьні. Яны знаходзіліся ў лесе 1,5 месяца!» — напісалі ратавальнікі Польскага цэнтру міжнароднай дапамогі ў Twitter.
Першая група мігрантаў паляцела на радзіму
Эвакуацыйны рэйс у Ірак вылецеў зь менскага аэрапорту. На борце 431 чалавек. Самалёт ляціць да Багдаду і павінен быць там праз 4 гадзіны ад вылету. Яшчэ адзін рэйс у Багдад зь Менску заплянаваны на 19 лістапада, 14:30.