Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты зь Іраку падчас пасадкі на эвакуацыйны рэйсу ў Багдад у менскім аэрапорце 18 лістапада
Мігранты зь Іраку падчас пасадкі на эвакуацыйны рэйсу ў Багдад у менскім аэрапорце 18 лістапада

Зь Менску вылецеў першы эвакуацыйны рэйс у Ірак, Варшава выставіла Менску ўльтыматум

Каля мяжы Беларусі з Польшчай канцэнтруецца сама меней 2 тысячы мігрантаў. Прэс-сакратарка Лукашэнкі ў сярэдзіне дня агучыла інфармацыю, згодна зь якой у краіне нібыта 7 тысяч мігрантаў.

14:30 18.11.2021

Заява G7: Мы адзіныя ў нашай салідарнасьці з Польшчай, Літвой і Латвіяй

Міністры замежных спраў краін G7 і кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі асудзілі мігранцкі крызіс на беларуска-польскай мяжы і заклікалі Беларусь неадкладна спыніць сваю агрэсіўную кампанію. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай адозьве, якую апублікавалі на сайце ўраду Вялікай Брытаніі.

«Мы, кіраўнікі МЗС Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Вялікай Брытаніі і ЗША, а таксама вярхоўны прадстаўнік ЭЗ, асуджаем арганізацыю беларускім рэжымам незаконнай міграцыі праз свае межы. Гэтыя жорсткія дзеяньні падвяргаюць небясьпецы жыцьці людзей. Мы адзіныя ў нашай салідарнасьці з Польшчай, а таксама Літвой і Латвіяй, якія сталі мішэньню гэтага правакацыйнага выкарыстаньня незаконнай міграцыі ў якасьці гібрыднай тактыкі.

Мы вітаем дзеяньні Эўразьвязу, які шчыльна супрацоўнічае з краінамі паходжаньня і транзыту, каб пакласьці канец дзеяньням рэжыму Лукашэнкі. Мы працягнем працаваць разам, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці, а таксама падтрымаць грамадзянскую супольнасьць і правы чалавека ў Беларусі».

13:39 18.11.2021

Самалёт Iraqi Airways​ прыбыў у Менск

Людзі, зарэгістраваныя на рэйс да Багдаду, пайшлі на пасадку, самалёт прыбыў на месца адлёту. Вылет чакаецца а 14.30.

13:21 18.11.2021

Яшчэ адно рашэньне «Белавія» для абмежаваньня плыні мігрантаў

«У адпаведнасьці з рашэньнем кампэтэнтных органаў Узбэкістану з 17.11.2021 грамадзяне Афганістану, Іраку, Емэну, Лібану, Лібіі і Сырыі ня будуць прымацца да перавозкі на рэйсах авіякампаніі „Белавія“, якія накіроўваюцца з Ташкенту ў Менск», — праінфармавалі ў кампаніі.

12:45 18.11.2021

Пачалі вакцынацыя мігрантаў ад каранавірусу

Улады Беларусі вакцынуюць мігрантаў кітайскай вакцынай, заявіў намесьнік старшыні Горадзенскага аблвыканкаму Віктар Пранюк. Як чакаецца, вакцынацыя пачнецца ў чацьвер, 18 лістапада. Людзей з Блізкага Ўсходу будуць прышчапляць кітайскай вакцыйнай.

12:42 18.11.2021

Звыш 7 тысяч мігрантаў спынілі ў Літве

Служба аховы Дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што ў сераду колькасьць нелегальных мігрантаў, якія з пачатку жніўня ня здолелі трапіць у Літву з тэрыторыі Беларусі, перавысіла 7 тысяч чалавек. За мінулыя суткі была 71 спроба нелегальнага перасячэньня.

З гуманітарных меркаваньняў са жніўня літоўскія ўлады прынялі 163 чалавекі.

12:39 18.11.2021

Стрым зь лягістычнага цэнтру

Дзяржаўныя СМІ вядуць стрым зь лігістычнага цэнтру, куды накіравалі астатніх мігрантаў, якія правялі апошнія ночы ў лесе. За сёньня яшчэ 400 мігрантаў прыйшлі зь лесу ў цэнтар.

12:21 18.11.2021

Іншыя мігранты накіроўваюцца зь лесу ў лягістычны цэнтар

Лягістычны цэнтар не апусьцее — у яго накіроўваюць мігрантаў, якія раней заставаліся ў лесе. Цяпер яны перамяшчаюцца невялікімі групамі ў цэнтар. Іх, як піша БелТА, забясьпечваюць гуманітарнай дапамогай.

12:17 18.11.2021

Вярхоўная Рада Ўкраіны пашырыла паўнамоцтвы памежнікаў

Тым часам да патэнцыйных праблем зь мігрантамі працягвае рыхтавацца Ўкраіна. Цяпер украінскія памежнікі маюць права праводзіць асабісты надгляд затрыманых асобаў, а таксама іхных рэчаў.

Памежнікам таксама дазволілі ў асаблівых выпадках фізічнае ўзьдзеяньне, спэцыяльныя сродкі, зброю і баявую тэхніку, узбраеньне караблёў, катэраў і паветраных суднаў. Таксама ім дазволена выкарыстоўваць сродкі візуальнага і тэхнічнага назіраньня і фіксацыі, сьвятлатэхнічныя і сыгналізацыйныя прыстасаваньні, іншыя сродкі аховы мяжы, інжынэрныя боепрыпасы, загароды.

11:59 18.11.2021

Эўракамісія: рэжым Лукашэнкі ў змове з гандлярамі людзьмі

Віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі Маргарыціс Схінас заявіў, што Эўразвяз мае дастаткова доказаў і надзейных выведных дадзеных, якія сьведчаць, што «рэжым Лукашэнкі знаходзіцца ў змове зь міжнароднымі сеткамі, якія займаюцца нелегальнай перавозкай людзей». Пра гэта ён сказаў у інтэрвію курдзкаму выданьню Rudaw.

Схінас абвінаваціў Беларусь у выкарыстаньні чалавечых пакут як зброі і заклікаў іракцаў не купляцца на хлусьню кантрабандыстаў. Па словах Схінаса, Беларусь выдае мігрантам візы, пасьля прылёту ў краіну спэцслужбы перакідаюць іх на мяжу і пакідаюць там. У выніку людзі ня могуць ні трапіць у ЭЗ, ні вярнуцца.

Схінас быў зь візытам у Багдадзе 15 лістапада, там ён сустрэўся зь міністрам замежных спраў Іраку Фуадам Хусэйнам. Бакі абмяркоўвалі становішча ірацкіх мігрантаў у Беларусі.

11:44 18.11.2021

Рэгістрацыю на эвакуацыйны рэйс прайшлі 430 мігрантаў

430 мігрантаў зарэгістраваліся на эвакуацыйны рэйс Iraqi Airways зь Беларусі. Аб гэтым паведаміў афіцыйны прадстаўнік ірацкага МЗС Ахмэд ас-Сахаф, перадае інфармацыйнае агенцтва Ina. Працягваецца рэгістрацыя яшчэ 50 чалавек.

«Міністэрства прыкладае больш намаганьняў, каб забясьпечыць самы высокі ўзровень рэакцыі на добраахвотнае вяртаньне», – дадаў ён.

У 13:45 па менскім часе чакаецца першы эвакуацыйны рэйс для ахвочых вярнуцца зь Беларусі ў Ірак.

11:10 18.11.2021

Атака на польскую паліцыю

Нягледзячы на тое, што ўчора мігранты рабілі шмат фота і відэа, становячыся на калені і гаворачы пра любоў да Польшчы, атакі на мяжу гэта не спыніла. Паліцыя Падляшша паведаміла пра тое, што пад Полаўцамі мужчыны, апранутыя ў форму беларускіх службаў, закідалі польскіх паліцыянтаў камянямі і паранілі аднаго зь іх.

10:56 18.11.2021

Пачалася рэгістрацыя на эвакуацыйны рэйс у Багдад

Вылет самалёта ў Багдад зь Менску адбудзецца ў 13.45. Ужо ідзе рэгістрацыя на гэты рэйс на 5 стойках менскага аэрапорту.

10:50 18.11.2021

Зьявілася відэа мігрантаў, якія хочуць вярнуцца, зь менскага аэрапорту

Відэа з Нацыянальнага аэрапорту Менск разьмясьціў блогер Антон Матолька. Людзі чакаюць самалёт з Іраку, які ўжо ляціць у Беларусь для рэпатрыяцыі мігрантаў на радзіму.

10:43 18.11.2021

За 17 лістапада 500 чалавек спрабавалі прарвацца праз польскую мяжу

17 лістапада на польска-беларускай мяжы зафіксавалі 501 спробу незаконнага перасячэньня. Выдадзена 31 пастанова аб неадкладным выезьдзе з краіны раней прынятым мігрантам.

Таксама ў мінулыя суткі былі і сілавыя спробы прарыву. У адной са спробаў удзельнічалі адразу каля 500 чалавек. Аднак польскія памежнікі не дазволілі гэтаму здарыцца.

10:42 18.11.2021

Самалёт з Іраку для эвакуацыі мігрантаў ужо вылецеў

Сёньня ў Менск мае прыляцець самалёт з Іраку па тых мігрантаў, якія хочуць вярнуцца дадому. Паводле МЗС Іраку, такіх больш за 430 чалавек. Антон Матолька паведамляе, што частка мігрантаў ужо прыбыла ў менскі аэрапорт.

10:32 18.11.2021

У намётавым лягеры ля мяжы пачаўся рух

Пасьля сьняданку каля 300 чалавек з намётавага лагеру ля памежнага пераходу Брузгі сабралі рэчы і перайшлі ў лягістычны цэнтар, дзе знаходзіцца іншая частка мігрантаў.

XS
SM
MD
LG