Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Süddeutsche Zeitung пра мігранцкі крызіс: Лукашэнка хоча, каб яго ўспрымалі як чалавека, якому няма чаго губляць


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін

«Лукашэнку больш няма чаго губляць — і таму ад яго можна чакаць чаго заўгодна. Дык ці варта ЭЗ ісьці яму насустрач? Ці лепш пакараць яго? У абодвух выпадках пераможа Пуцін, якому больш за ўсё падабаецца бачыць ЭЗ бездапаможным», — піша нямецкае выданьне.

У публікацыі аналізуюцца дылемы палітыкі Эўразьвязу адносна мігранцкага крызісу.

«У Аляксандра Лукашэнкі ёсьць мэта. Ён хоча стаць кашмарам Эўропы. ЭЗ павінен баяцца яго, некіраванага кіраўніка ў Менску, які прыгнятае свой народ, зганяе самалёты, выкрадае спартовак, катуе крытыкаў, а цяпер яшчэ і выкарыстоўвае адчай тысячаў уцекачоў для нападу на сваіх суседзяў. Ад дыктатара можна чакаць усяго — і ён хоча, каб яго ўспрымалі менавіта так: як чалавека, якому ўжо няма чаго губляць і якога ня варта раздражняць, у прыватнасьці, новымі санкцыямі», — адзначае журналістка Зільке Бігалке.

«Няма сумневаў у тым, што Лукашэнка сам завабліваў бежанцаў у Беларусь. Зусім іншае пытаньне, аднак, палягае ў тым, наколькі Крэмль датычны да гэтага бесчалавечнага пляну. Пуцін заўсёды стаяў на баку Лукашэнкі, калі дыктатар правакаваў сваіх эўрапейскіх суседзяў. І без дапамогі Крамля Лукашэнка ня быў бы сёньня ва ўладзе, таму што ў Беларусі ў яго няма падтрымкі. Аднак гэта не дае Пуціну такога кантролю над дэспатам, як можна было б падумаць — і як хацелася б самому Пуціну. Крамлёўскаму лідэру даводзіцца, хутчэй, сачыць за тым, каб Лукашэнка ня стаў кашмарам і для яго», — гаворыцца ў артыкуле ў Süddeutsche Zeitung.

«Пакуль што Пуцін атрымлівае выгаду зь беларускіх махінацый, што не азначае, што ідэя стварэньня маршруту для ўцекачоў паходзіла з Крамля. Але цалкам магчыма, што Лукашэнка як мінімум абмяркоўваў гэта з Пуціным, перш чым абвастрыць сытуацыю на мінулым тыдні і накіраваць вялікія групы ўцекачоў у напрамку Польшчы», — адзначае Бігалке.

«У наступныя дні Крэмль ня толькі актыўна падтрымліваў Лукашэнку. Ён таксама выкарыстаў крызіс, каб абвінаваціць Захад у прытоку ўцекачоў, прадставіць Эўропу крывадушнай за тое, што яна не прымае людзей, якія замярзаюць у беларускіх лясах. Пуціну больш за ўсё падабаецца глядзець на бездапаможны і разьяднаны ЭЗ, калі той сутыкаецца з праблемай. Калі Брусэль зараз пойдзе насустрач Лукашэнку, гэта прымусіць ЭЗ выглядаць слабым. Калі Брусэль пакарае Лукашэнку, гэта падштурхне таго да яшчэ большай залежнасьці ад Масквы. У абодвух выпадках выйграе Пуцін», — мяркуе нямецкае выданьне.

«Тактыка Пуціна заўсёды палягае ў тым, каб прадстаўляць сябе толькі назіральнікам або пасярэднікам у канфліктах, напрыклад, на ўсходзе Ўкраіны. Але гэтым разам яго стратэгія не зусім спрацавала. Хоць пакуль няма ніякіх бачных доказаў таго, што Расея дапамагае Лукашэнку ў ягоным бізнэсе па дастаўцы мігрантаў, Брусэль, відаць, мяркуе менавіта гэтак і разглядае магчымасьць увядзеньня санкцыяў супраць расейскай авіякампаніі „Аэрафлёт“. Пуцін павінен быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні Лукашэнкі, і, у прынцыпе, гэта справядліва. Нават калі Лукашэнка ня ўсё абгаворвае зь ім», — гаворыцца ў артыкуле.

«Зрэшты, важнае і пытаньне аб тым, ці можа Пуцін спыніць дыктатара. На выходных можна было нядоўга назіраць, як Лукашэнка ідзе насуперак волі Крамля: ён прыгразіў, што больш ня дасьць расейскаму газу паступаць празь Беларусь у Эўропу. Кіраўнік у Менску ніколі ня быў прадказальны і для Крамля», — піша выданьне.

«Дый сьвет, у якім Лукашэнка падпарадкоўваўся б Пуціну, выглядаў бы інакш: Расея і Беларусь даўно б сталі саюзнай дзяржавай з агульным парлямэнтам і адзінай валютай. Лукашэнка прызнаў бы Крым часткай Расеі і прыняў бы ў Беларусі новую Канстытуцыю, якая рэгулявала б яго пераемнасьць. Пакуль што дыктатар адмаўляе Пуціну ў гэтым. Лукашэнка падазрае, што Крэмль чакае зручнага моманту, каб замяніць яго. І надыход гэтага моманту ён хоча адцягнуць», — адзначае Süddeutsche Zeitung.

«Крызіс на мяжы павінен дапамагчы яму ў гэтым. Калі Лукашэнка сапраўды зможа прымусіць ЭЗ весьці зь ім перамовы, гэта ўмацуе ягоныя пазыцыі ў Эўропе і зьменшыць ягоную залежнасьць ад Крамля. Пуцін будзе даваць яму свабоду дзеяньняў да таго часу, пакуль канфлікт з ЭЗ будзе прыносіць яму больш выгады, чым траты сілаў, пакуль уцекачы зь Беларусі не накіруюцца ў Расею, пакуль Лукашэнка не перакрые расейскія газаправоды і не справакуе ваенны канфлікт на мяжы. Магчыма, Лукашэнку ўжо няма чаго губляць, але гэтага нельга сказаць пра Пуціна», — заключае нямецкая газэта.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу быў выкарыстаны пераклад парталу Inopressa.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG