- «„Ніхто не заслугоўвае сьмерці ў лесе:“ просьбы аб дапамозе на мяжы Польшчы і Беларусі, дзе мігранты цярпяць ад холаду», — Global News (Канада)
- «Міграцыйны крызіс у Эўропе», — WION (Індыя)
- «Натоўпы мігрантаў штурмавалі польскую мяжу з боку Беларусі», — PBS News (ЗША)
- «Ля польскай мяжы сабраліся тысячы мігрантаў», — TGRT Haber (Турэччына)
СМІ розных краін — ад Аўстраліі да Канады — уважліва сочаць за міграцыйным крызісам, за тым, як тысячы людзей прарываюцца ў Эўразьвяз. Дзяржаўныя беларускія мэдыі і не спрабуюць растлумачыць сваёй аўдыторыі, як іракцы ці афганцы апынуліся ў Беларусі, проста абвінавачваюць у іхных пакутах калектыўны Захад.
- «Вось яна, пагроза NATO і ЭЗ. Маленькія дзеці, якія вымушаны пакінуць дамы ў родных краінах і пайсьці да тых, хто забраў у іх апошняе права на мірнае жыцьцё», — «Беларусь 1»
- «Многія ў гэтым натоўпе ня елі і не пілі некалькі дзён. Любы крок насустрач эўрапейскай мары сустракалі гвалтам з таго боку. Ніякай міласэрнасьці ў адказ. Інваліды, цяжарныя жанчыны — ня важна», — АНТ
- «Там вельмі шмат дзяцей, вельмі шмат жанчын. І палякі ўсю ноч уключалі розныя абвесткі і кшталту „ідзіце дадому“ плюс сьвяцілі пражэктарамі, людзям проста не давалі спаць», — СТВ
Дзяржаўныя СМІ поўняцца гісторыямі пра хворых дзяцей і цяжарных, абвінавачваюць палякаў у генацыдзе і фашызьме.
- «Чалавечая трагедыя, на якую польскія сілавікі пазіраюць з абыякавасьцю», — АНТ
- «Ад на зямлі або генацыд XXI стагодзьдзя — так называюць тыя ўмовы, у якіх знаходзяцца мігранты», — Беларусь 1
Складаную сытуацыю на мяжы Беларусі і Польшчы апісваюць і замежныя СМІ.
- «Паміж двух агнёў захрасьлі мігранты, большасьць зь якіх уцякалі ад вайны і беднасьці на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы», — France 24 (Францыя)
- «З аднаго боку беларускія вайскоўцы гоняць іх да мяжы, з другога — палякі, якія не пускаюць на тэрыторыю ЭЗ», — WELT (Нямеччына).
У Польшчы і большасьці іншых краін у эскаляцыі крызісу абвінавачваюць Аляксандра Лукашэнку. СМІ пішуць, што разам з Расеяй ён і раней выкарыстоўваў патокі мігрантаў для ціску на іншыя краіны, называюць гэта апэрацыяй «Шлюз».
- «Паводле апошніх дадзеных, гэтая група знаходзіцца пад пастаянным строгім кантролем узброеных беларусаў — і менавіта апошнія вырашаюць, хто і ў якім парадку будзе рухацца па гэтай дарозе», — TVN24 (Польшча)
- «Беларускія мігранты: ЭЗ абвінавачвае Лукашэнку ў бандыцкіх паводзінах», — ВВС (Вялікабрытанія)
- «Мігранты кажуць, што беларусы вывозілі іх на мяжу ЭЗ і раздавалі «кусачкі», — New York Times (ЗША)
- «Сытуацыя на мяжы можа абвастрыцца і дайсьці да ўзброеных сутыкненьняў. Такога канфлікту і чакае рэжым Лукашэнкі», — Radio Maryja (Польшча)
- «Па чутках, беларускія памежнікі даюць маладым мігрантам амфэтаміны, каб падрыхтаваць іх да маючай адбыцца сутычкі», — Channel 4 (Вялікабрытанія)
- «Лукашэнка маніпулюе гэтымі людзьмі, выкарыстоўвае іх у якасьці інструмэнта для геапалітычнага ціску. Ён прымае самалёты і абяцае мігрантам бясьпечны і хуткі шлях на тэрыторыю Эўразьвязу», — Radiomundo 1170 AM (Уругвай)
Заходнія СМІ нагадваюць, што супраць афіцыйнага Менску рыхтуюцца санкцыі:
- «Эўразьвяз разглядае магчымасьць шырокіх санкцый у сувязі з міграцыйным крызісам у Беларусі», — Financial Times (Вялікабрытанія)
і папярэджваюць, што спроба афіцыйнага Менску раскалоць Эўропу наўрад ці будзе пасьпяховай
- «Схема выкарыстаньня мігрантаў для расколу ЭЗ, верагодна, прывядзе да адваротнага выніку» — Еconomist (Вялікабрытанія)