Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўца арыштавалі за рэпост з Tut.by. Лекарку аштрафавалі за герб Літвы на аўтамабілі. Хроніка перасьледу 13 лістапада


Дзьмітры Шчурко, архіўнае фота
Дзьмітры Шчурко, архіўнае фота

Улады працягваюць уціск грамадзянаў за іх пазыцыю. Свабода зьбірае факты перасьледу.

У Берасьці пасадзілі ў сьледчы ізалятар Дзьмітрыя Шчурко, які адбывае «хатнюю хімію» за крадзеж міліцэйскай рацыі.

Супраць яго завялі крымінальную справу за абразу прэзыдэнта. Дзьмітрыя Шчурко затрымалі 9 лістапада, паведаміла «Берасьцейская Вясна».

Мінулы раз яго затрымлівалі 10 верасьня. Перад гэтым правялі пяты па ліку ператрус, у пастанове на які быў пазначаны артыкул 290 Крымінальнага кодэксу — «Пагроза ўчыненьня акту тэрарызму». Але на судзе 13 верасьня яго аштрафавалі на 580 рублёў за перапост зь «Белсату».

30 чэрвеня яго прэвэнтыўна затрымалі перад Днём Рэспублікі, запісаўшы ў пратакол артыкул крымінальнага кодэксу «Паклёп»

У сьнежні 2020 году Дзьмітрыя Шчурко асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за крадзеж рацыі падчас пратэстаў у Берасьці.

Жыхара Магілёва арыштавалі за рэпост з Tut.by паўтарагадовай даўніны

Магілёўца Дзьмітрыя Шашкова пакаралі 10 соднямі арышту за рэпост паўтарагадовай даўніны зь лягатыпам Tut.by у закрытым акаўнце.

Суд Магілёўскага раёну палічыў гэта распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў, паведаміў Mayday.

Шышкоў віны не прызнаў, бо ў яго закрыты акаўнт у Інстаграме. Але судзьдзя сказаў, што пад допісам былі лайкі і камэнтары, а значыць, ягоны пост бачылі іншыя людзі.

Да суду Дзьмітрыя Шашкова тры дні трымалі ў ізалятары.

Сёлета ў лютым Дзьмітрыя Шашкова аштрафавалі на 1450 рублёў за перавозку самвыдатаўскай газэты «Могилёвск­и­е вести».

У Берасьці затрымалі вакаліста гурту «Ня Варта» Фёдара Чаранкова

Пра гэта Reform.by паведаміла ягоная жонка.

«Забралі проста з ДАІ ў аддзел кібэрзлачынстваў. Цяпер тэлефон выключаны і нічога не вядома. Ён там ужо каля трох гадзінаў», — апавяла яна.

«Камэнтароў ён ніякіх не пісаў, нічога не рэпосьціў. Значыць, рэальна ўжо ловяць за падпіскі на няўгодныя каналы», — напісала яна ў гісторыях свайго інстаграму.

У Віцебску лекарку аштрафавалі за герб Літвы на машыне

У Віцебску лекарку-пульманоляга Марыну Бурбліс аштрафавалі на 1450 рублёў за налепку герба Літвы на багажніку аўто, паведамляе «Вясна». На судзе стала вядома, што века багажніку было «няроднае», яго мянялі ў Літоўскай Рэспубліцы. На ім засталася налепка з гербам гэтай краіны.

Муж Марыны тлумачыў, што века на багажніку было замененае — яго прывезьлі зь Літвы, мужчына паказаў на судзе перапіску з прадаўцом.

Адвакат прасіў, каб у выпадку, калі Марыну Бурбліс прызнаюць вінаватай, яе б не адпраўлялі за краты, бо ёй трэба дапамагаць хворым на COVID-19.

Судзьдзя Ўладзімер Царыкаў прызнаў лекарку вінаватай у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і прысудзіў штраф.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG