У Брусэлі і ў сталіцах краін Эўразьвязу расьце ўсьведамленьне таго, што для стрыманьня эскаляцыі крызісу на польска-беларускай мяжы неабходна абмежаваць прыток мігрантаў у Беларусь паветраным шляхам. На гэты конт вядуцца кулюарныя перамовы з краінамі, якія не ўваходзяць у ЭЗ, чые авіякампаніі лётаюць у гэтую краіну.
«Ціск пачаў даваць плён. Сёньня (у чацьвер) Turkish Airlines абвесьціць аб забароне на продаж білетаў грамадзянам нерэгулярных мігрантаў, у тым ліку Іраку і Сырыі, на рэйсы ў Беларусь. Таксама вырашана абмежаваць супрацоўніцтва зь беларускай авіякампаніяй „Белавія“. Падобныя дзеяньні датычаць авіякампаніі Emirates», — сказаў PAP у Брусэлі адзін з высокапастаўленых дыпляматаў ЭЗ.
У канцылярыі прэзыдэнта Польшчы пазьней паведамілі: авіякампанія Turkish Airlines пацьвердзіла, што з гэтага часу ня будзе прымаць на борт рэйсаў у Менск грамадзян Іраку, Сырыі і Емэну, акрамя ўладальнікаў дыпляматычных пашпартоў.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі PAP, асноўныя авіявузлы, празь якія мігранты трапляюць у Беларусь, — Стамбул, Дубай і Масква. Штаб-кватэра Emirates месьціцца ў Дубаі.
У чацьвер Эўракамісія заявіла, што Эўразьвяз будзе імкнуцца ўнесьці ў «чорны спіс» авіякампаніі, якія перавозяць мігрантаў у Беларусь, і будзе каардынаваць заплянаваныя санкцыі супраць Менска з ЗША.