Арганізацыя былых сілавікоў ByPol і распрацаваны ёй мабілізацыйны плян «Перамога» прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, паведаміла МУС.
Раней прадстаўнік ByPol Аляксандар Азараў так тлумачыў Свабодзе мэты пляну «Перамога»:
«Плян „Перамога“ разьлічаны на ўсіх грамадзян Беларусі, на патрыётаў, якія знаходзяцца ў самой Рэспубліцы Беларусь і могуць выканаць пэўныя заданьні ў пэўны час. Гэты плян складзены нашымі спэцыялістамі, якія маюць адукацыю ў дадзенай сфэры, якія служылі ва Ўзброеных сілах. Ён адпавядае такім жа плянам, якія ляжаць у Генэральным штабе ў сэйфе пад грыфам „Сакрэтна“ і „Зусім сакрэтна“. У Беларусі такія пляны распрацаваныя на выпадак захопу тэрыторыі замежным ворагам альбо на выпадак паўстаньня.
Асноўны плян у Генштабе прадугледжвае, што асноўная пагроза для дзяржавы — паўстаньне ўнутры краіны. Для Лукашэнкі пагроза — паўстаньне свайго ж народу, а не інтэрвэнцыя іншых дзяржаваў. Таму мы распрацавалі аналягічны плян і ня бачым іншага выйсьця. Наш плян напісаны вайсковай мовай, і таму ў цывільных узьнікаюць пытаньні. Мы пісалі той жа мовай, якой напісаныя пляны, што ляжаць у Мінабароны, каб яны бачылі, што ў нас працуюць такія ж спэцыялісты і што мы ведаем, што ў іх адбываецца. У нас інфармацыі вельмі шмат».
У кастрычніку-лістападзе па Беларусі ідзе хваля прызнаньняў арганізацый рознага профілю і прызначэньня «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». У прыватнасьці, пад такое азначэньне ўладаў трапілі і журналісты. «Экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі тэлеканал «Белсат» і тэлеграм-канал «Эўрарадыё».
У Менску рыхтуецца першы суд за «кіраваньне экстрэмісцкім фармаваньнем» над адлічаным студэнтам Арцёмам Баярскім.
Што такое ініцыятыва ByPol
У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.
Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).
Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.
У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.
BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».