Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі адбылася буйная дэманстрацыя за вызваленьне з турмы экс-прэзыдэнта Саакашвілі


Пратэст пад турмой у Руставі, 6 лістапада 2021 году
Пратэст пад турмой у Руставі, 6 лістапада 2021 году

Сотні прыхільнікаў апазыцыі ў Грузіі правялі дэманстрацыю з патрабаваньнем вызваліць зьняволенага экс-прэзыдэнта Міхеіла Саакашвілі, які трымае галадоўку.

Дэманстранты са сьцягамі Грузіі, Украіны і Эўразьвязу сабраліся каля турмы ў горадзе Руставі, дзе сядзіць Міхеіл Саакашвілі, які вярнуўся на радзіму пасьля 8 гадоў выгнаньня дзеля агітацыі за апазыцыю перад агульнанацыянальнымі выбарамі.

Мітынгі былі скліканыя апазыцыйнай групай «Аб’яднаны нацыянальны рух», заснаванай самім Саакашвілі, які быў прэзыдэнтам Грузіі з 2004 па 2013 гады, пакінуў краіну неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2013 годзе і быў завочна асуджаны ў 2018 за злоўжываньне ўладай і імкненьне схаваць доказы зьбіцьця апазыцыйнага дэпутата парлямэнту.

Міхеіл Саакашвілі працягвае заяўляць, што абвінавачаньні супраць яго палітычна матываваныя. Ягоныя адвакаты і асабісты лекар сьцьвярджаюць, што стан іх падапечнага пагаршаецца, і патрабуюць перавесьці яго ў клініку за межамі турмы. Ва ўрадзе, аднак, адказалі на хадайніцтвы, што пры неабходнасьці Саакашвілі накіруюць на лячэньне ў клініцы папраўчай установы Глдані.

Міністар юстыцыі Раці Брэгадзэ 5 лістапада заявіў, што зьняволены прымаў розныя кашы і натуральныя сокі, а таксама ўжывае лекі па прызначэньні сваіх лекараў.

Дэманстрацыя ў Руставі ўжо ня першая акцыя за вызваленьне колішняга прэзыдэнта краіны.

Аб’яднаны нацыянальны рух, галоўная апазыцыйная сіла Грузіі на дадзены момант, саступіла кіроўнай партыі «Грузінская мара» на агульнанацыянальных выбарах у муніцыпалітэт і мэрыі 3 кастрычніка.

Аднак у руху заявілі, што «Грузінская мара», заснаваная мільярдэрам і канкурэнтам Саакашвілі Бідзінам Іванішвілі, сфальсыфікавала другі тур 30 кастрычніка. Паводле афіцыйных вынікаў галасаваньня, «Грузінская мара» перамагла ў выбарах мэраў у пяці найбуйнейшых гарадах краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG