Дзяржаўнае прадпрыемства «Белтэлекам» паінфармавала аб спыненьні выкарыстаньня электронных плястыкавых картак для аказаньня паслуг таксафоннай сувязі з 1 студзеня 2022 году. Дзейнымі карткамі можна карыстацца да канца 2021 году, піша прадпрыемства.
У далейшым паслугі таксафоннай сувязі будуць даступныя з дапамогай картак перадаплаты — віртуальнай сэрвіснай тэлефоннай карткі і сэрвіснай тэлефоннай карткі — або паслугі «Картачны рахунак».
Тэлефонныя карткі дазволяць тэлефанаваць па горадзе, міжгорадзе, за мяжу ці на сеткі сотавай сувязі з таксафона, мабільнага тэлефона і зь любога стацыянарнага тэлефона. Купіць віртуальную сэрвісную тэлефонную картку можна на сайце «Белтэлекаму», сэрвісную тэлефонную картку — у сэрвісных цэнтрах «Белтэлекаму» і аддзяленьнях «Белпошты».
Для карыстаньня паслугай «Картачны рахунак» неабходна будзе заключыць дамову ў сэрвісным цэнтры «Белтэлекам».
Пры карыстаньні названымі паслугамі ўстаўляць карткі ў карткапрымальнік таксафона ўжо ня трэба. Для тэлефанаваньняў будзе патрэбен толькі PIN-код у аўтаматычным рэжыме з падказкамі аўтаінфарматара.
Таксафоны застануцца на Галоўпаштамце ў Менску, на вакзалах, ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі, у вайсковых частках і іншых сацыяльна значных месцах. З таксафонаў і далей можна будзе бясплатна выклікаць экстраныя службы 101, 102, 103, 104.