Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлопца затрымалі ў кавярні і асудзілі за бел-чырвона-белыя бранзалеты. ВІДЭА


27-гадовага менчука Арцемія Нікіценку арыштавалі на 15 сутак за нібыта пікет у кавярні шляхам «дэманстрацыі бел-чырвона-белых бранзалетаў на руках з надпісам „Жыве Беларусь“». Арцемій расказаў, што піў каву зь сяброўкай у кавярні «Культура».

У судзе Першамайскага раёну 28 кастрычніка разгледзелі справу 27-гадовага Арцемія Нікіценкі. Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП, Нікіценка «27 кастрычніка каля 13:35 у кавярні „Культура“ з мэтай выказваньня свайго нэгатыўнага стаўленьня да дзейнай улады правёў пікетаваньне, прадэманстраваўшы бел-чырвона-белыя бранзалеты на руках з надпісам „Жыве Беларусь“», паведамляе тэлеграм-канал праваабаронцаў «Вясна назірае».

Арцемій на судзе расказаў, што а 12-й сустрэўся зь сяброўкай на каву. На левай руцэ ў яго былі два бранзалеты, на правай — адзін, намеру пікетаваць не было, а бранзалет вылез з-пад адзеньня, калі ён выцягнуў руку. Паводле хлопца, гэта заўважыў нехта з прысутных у кавярні і выклікаў міліцыю. Прыехалі тры супрацоўнікі міліцыі ў бронекамізэльках. Хлопец адзначыў, што бранзалеты набыў яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі і быў зьдзіўлены, што міліцыянты могуць забраць чалавека толькі за бранзалеты, калі ён не выкрыкваў ніякіх лёзунгаў і ня быў на маршы.

Сьведка-міліцыянт на судзе сьцьвярджаў, што яны з калегам зайшлі ў кавярню, дзе асабіста заўважылі «пікетаваньне», і што «бранзалеты былі выстаўленыя на ўсеагульны агляд», таму яны затрымалі Арцемія, адвезьлі ў РУУС і склалі пратакол. Ён сьцьвярджаў, што затрымлівалі Нікіценку ўдваіх, а колькі людзей было ў кавярні, ня памятае.

Судзьдзя Кулік палічыла віну Арцемія даказанай і арыштавала яго на 15 сутак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG