У 19 з 20 гарадоў выйграюць кандыдаты ад кіроўнай партыі «Грузінская мара», кандыдат ад апазыцыйнага «Адзінага нацыянальнага руху» перамагае толькі ў Цаленджыху.
Па дадзеных ЦВК, дзейны мэр Тбілісі Каха Каладзэ набраў 55,6% галасоў, а яго канкурэнт ад апазыцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» Міканор Мэлія — 44,4%.
Грузінская апазыцыя заявіла аб фальсыфікацыях і адмовілася прызнаваць вынікі другога тура муніцыпальных выбараў. Міканор Мэлія, кіраўнік «Адзінага нацыянальнага руху» і паплечнік Міхэіла Саакашвілі, заклікаў суайчыньнікаў да «бескампраміснай барацьбы». Ён паведаміў, што 7 лістапада ў Тбілісі мае адбыцца «грандыёзная» акцыя пратэсту на плошчы Свабоды.
Па выніках першага тура галасаваньня 2 кастрычніка кіроўная партыя абышла рух Саакашвілі, набраўшы больш за 46% галасоў. Аднак апазыцыі ўдалося паказаць лепшыя вынікі ў трох з пяці найбуйнейшых гарадоў краіны: Батумі, Кутаісі і Зугдзідзі.
Выбары разглядаюцца як рэфэрэндум аб даверы кіроўнай партыі «Грузінская мара» і праходзяць на фоне вяртаньня ў Грузію былога прэзыдэнта і грамадзяніна Ўкраіны Міхэіла Саакашвілі, а таксама яго затрыманьня і зьняволеньня.