Крызіс у галіне аховы здароўя і эканомікі, выкліканы распаўсюджваньнем каранавірусу, зьяўляецца адной з галоўных тэм сустрэчы, што пацьвердзіў ва ўступнай прамове прэм’ер-міністар Італіі Марыё Драгі. Ён заклікаў заможныя краіны прыкласьці намаганьні для адпраўкі большай колькасьці вакцын у менш разьвітыя краіны, падкрэсьліўшы, што «велізарныя адрозьненьні ў долі вакцынаваных маральна непрымальныя».
Ключавымі тэмамі саміту стануць таксама клімат і аднаўленьне эканомікі.
Зьмена падатковай сыстэмы
Лідэры на саміце G20 падтрымаюць пагадненьне аб увядзеньні глябальнага мінімальнага падатку. Транснацыянальныя кампаніі ад 2023 году павінны будуць плаціць падатак на прыбытак па стаўцы ня менш за 15%, як вынікае з праекту вынікаў нарады, які цытуе Reuters. Паводле ацэнак Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (АЭСР), дзякуючы мінімальнаму падатку дзяржавы ў цэлым будуць атрымліваць дадатковыя падатковыя паступленьні на суму каля 150 мільярдаў даляраў у год. Вынікі саміту афіцыйна зацьвердзяць у нядзелю.
Зьмену падатковай сыстэмы пасьля чатырох гадоў перамоваў ухвалілі 136 краінаў і юрысдыкцыяў, на долю якіх прыпадае больш як 90 працэнтаў сусьветнага валавога ўнутранага прадукту (ВУП). Міністры фінансаў G20 і кіраўнікі цэнтральных банкаў ухвалілі пагадненьне два тыдні таму. Новыя правілы закліканы дапамагчы ў барацьбе з ухіленьнем ад выплаты збораў міжнароднымі карпарацыямі, таму многія разглядаюць зьмену падатковай сыстэмы як пераломны момант.
Глябальнае пацяпленьне
У праекце выніковага камюніке гаворыцца, што краіны G20 актывізуюць свае намаганьні па абмежаваньні глябальнага пацяпленьня на 1,5 градуса Цэльсію — узровень, на думку навукоўцаў, неабходны для прадухіленьня новых катастрафічных кліматычных мадэляў.
У дакумэнце таксама прызнаецца, што бягучыя нацыянальныя пляны па скарачэньні шкодных выкідаў неабходна ўзмацніць, але няма падрабязнасьцяў, як гэта трэба рабіць.
Акрамя таго, лідэры зьбіраюцца спыніць фінансаваньне замежных вугальных электрастанцый і «зрабіць усё магчымае», каб спыніць будаўніцтва новых вугальных электрастанцый да канца 2030-х гадоў.
- На блёк G20 (Вялікай дваццаткі), у які ўваходзяць Аргентына, Аўстралія, Бразылія, Кітай, Індыя, Інданэзія, Італія, Нямеччына, Канада, Вялікабрытанія, Мэксыка, Расея, Турэччына, Францыя, Паўднёвая Карэя, ПАР, ЗША, Японія, Саўдаўская Арабія і Эўразьвяз, прыпадае больш за 80% сусьветнага валавога ўнутранага прадукту, 60% насельніцтва і прыкладна 80% сусьветных выкідаў парніковых газаў.