Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Продкі, рэпрэсіі, Курапаты. Што важна ведаць пра Дзяды


Падчас традыцыйнага шэсьця на Дзяды ў Менску ў 2019 годзе
Падчас традыцыйнага шэсьця на Дзяды ў Менску ў 2019 годзе

У канцы кастрычніка — на пачатку лістапада беларусы традыцыйна ўшаноўваюць памерлых продкаў. 30 гадоў таму Дзяды сталі і акцыяй памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Дзяды як абрад

Дзяды — старадаўняя народна-рэлігійная традыцыя памінаньня продкаў. У гэты дзень наведваюць магілы продкаў і памінаюць іх за сямейным сталом.

Паводле каталіцкага календара 1 лістапада — Дзень усіх сьвятых. Праваслаўныя вернікі адзначаюць Зьмітраўскую памінальную суботу ў першую суботу перад 8 лістапада.

У першай палове 1990-х у Беларусі Дзяды былі афіцыйным выходным днём і адзначаліся 2 лістапада.

Летась у кастрычніку на сайце zvarot.by зьявілася пэтыцыя з просьбай зрабіць 1 ці 2 лістапада выходным днём. Паводле аўтараў пэтыцыі, выходны патрэбны, каб наведаць могілкі на Дзяды. Зварот падпісалі больш за 2500 чалавек. У адказе на пэтыцыю сьцьвярджалася, што дадаваць да выходных новыя рэлігійныя дні немэтазгодна, а вернікі «ня маюць ніякіх пераваг» над атэістамі.

Дзяды як масавая акцыя

Першую акцыю ў памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў на Дзяды зладзілі моладзевыя згуртаваньні «Тутэйшыя» і «Талака» ў парку Янкі Купалы ў Менску ў 1987 годзе.

А 30 кастрычніка 1988 году ў Менску ля Ўсходніх могілак і Курапатаў адбыліся шматтысячнае шэсьце і мітынг-рэквіем памяці ахвяраў сталінізму. Камуністычныя ўлады сілай разагналі акцыю.

З таго часу штогод у канцы кастрычніка — пачатку лістапада беларускія палітыкі ладзілі шэсьце і мітынг у Курапатах.

1 лістапада 2020 году ўпершыню з 1988 году шэсьце разагналі сілавікі. У дэманстрантаў стралялі гумовымі кулямі, кідалі сьвятлошумавымі гранатамі, зьбівалі пры затрыманьні. Супраць удзельнікаў шэсьця завялі крымінальную справу за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Падазраванымі абʼявілі 231 чалавека.

Што такое Курапаты?

Курапаты — лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці».

Колькі там забілі?

Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі?

Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Калі быў пік расстрэлаў?

За ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году супрацоўнікі НКВД расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячоў.

1 лістапада 1937 году ў Курапатах НКВД расстраляў 11 біскупаў і сьвятароў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Паводле гісторыка Кастуся Тарасава, яшчэ каля 200 сьвятароў Беларускай аўтакефальнай царквы былі высланыя ў сталінскія канцлягеры, дзе бальшыня іх загінула.

Традыцыйнае шэсьце ў Курапаты і мітынг на Дзяды 1 лістапада 2015 году
Традыцыйнае шэсьце ў Курапаты і мітынг на Дзяды 1 лістапада 2015 году

Чаму ў Курапаты нясуць крыжы?

З канца 1980-х у Курапатах былі ўсталяваныя некалькі тысячаў крыжоў — на алеі, уздоўж асноўных тропаў, на ямінах-магілах, вакол урочышча. Крыжы ўсталёўваюць сваякі рэпрэсаваных, грамадзкія актывісты і палітыкі. Крыжы вырабляюцца на народныя ахвяраваньні.

У красавіку 2019 году на загад Лукашэнкі ў Курапатах зьнесьлі больш за 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД.

Абарона Курапатаў

Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Ад чэрвеня 2018 году грамадзкія і палітычныя актывісты пікетавалі рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца за 50 мэтраў ад месца расстрэлаў.

У траўні 2021 году адзін з арганізатараў пікетаваньня Зьміцер Дашкевіч пасьля чарговых 20 сутак арышту сказаў, што курапацкая варта на тле ўзмацненьня рэпрэсій «лягічна завершаная»: «У тыдні сем сутак, а сядзець трэба трыццаць па новым кодэксе», — сказаў Дашкевіч.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м.

Дасьледчыкі мяркуюць, што рэпрэсавалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы.

Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Як даведацца, ці былі рэпрэсаваныя сярод маіх сваякоў?

Сёлета мы абнавілі базу рэпрэсаваных «Картатэка Сталіна». Гэта дакумэнты з сакрэтных архіваў КГБ, якія на пачатку 1990-х ненадоўга прачыніліся і тут жа зачыніліся зноў.

«Картатэка Сталіна» зьмяшчае зьвесткі пра 60 тысяч чалавек. Гэта толькі 10% ад усёй колькасьці рэпрэсаваных у Беларусі. Калі вы маеце дадатковую інфармацыю пра лёсы рэпрэсаваных, напішыце нам radiosvaboda@gmail.com.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG