Zerkalo.io склала падборку лістападаўскіх зьменаў, якія могуць адбіцца на кашальках беларусаў.
У лістападзе кантрольныя органы абновяць сьпіс працаздольнага насельніцтва, не занятага ў эканоміцы. Тым, хто ў яго трапіць і мае ва ўласнасьці жыльлё, давядзецца аплачваць па поўных тарыфах гарачае водазабесьпячэньне.
Дакумэнты, якія пацьвярджаюць працу або навучаньне за мяжой, неабходна штоквартальна падаваць у камісію па садзейнічаньні занятасьці да 21 кастрычніка, 21 студзеня, 21 красавіка і 21 ліпеня адпаведна.
Да 15 лістапада трэба пасьпець заплаціць зямельны падатак і падатак на нерухомую маёмасьць.
Сумы, ня выплачаныя ў бюджэт добраахвотна, будуць спаганяцца праз суд з налічэньнем пені за кожны каляндарны дзень пратэрміноўкі. За нявыплату накладаецца штраф у памеры 15% ад сумы падатку, але ня менш як 0,5 базавай велічыні (14,5 рубля).
Кампаніі мабільнай сувязі А1 і МТС павысяць некаторыя тарыфы на свае паслугі. Раней падаражэньне анансавалі на 1 кастрычніка для фізычных і юрыдычных асобаў у сярэднім на 4%, але ў выніку перанесьлі на лістапад.
«Белтэлекам» таксама ў сярэднім на 4% павысіць тарыфы на некаторыя паслугі доступу ў інтэрнэт. Гэта прадугледжана для кампэнсацыі росту затратаў, але не вышэй за ўзровень прагназаванай базавай інфляцыі.
Ад 1 лістапада перагледзяць бюджэт пражытковага мінімуму, які цяпер складае 283,46 рубля. Яго альбо павялічаць, альбо пакінуць на ранейшым узроўні.
Прапарцыйна росту мяняюцца і памеры некаторых дапамогаў пры нараджэньні дзяцей. Аднаразовую дапамогу жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці, таксама павінны перагледзець.
З наступнага месяца перагледзяць мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пэнсіі, прывязаныя да памеру бюджэту пражытковага мінімуму.
Так, сацыяльная пэнсія паводле ўзросту цяпер складае 141,73 рубля, мінімальная (без уліку даплаты ў 20% ад сярэдняй зарплаты) — 70,87 рубля.